BE RU EN

Максім Вінярскі арыштаваны на 15 сутак за салідарнасць з Еўрамайданам

  • 20.12.2013, 14:18

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» абвясціў галадоўку ў зале суда.

Максім Вінярскі быў затрыманы ўчора ўвечары на плошчы Незалежнасці ў Менску. Ён, а таксама грамадская актывістка Наталля Гарачка ставілі свечкі каля Чырвонага касцёла ў памяць аб падзеях 19 снежня 2010 года. Іх даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна. Праз некаторы час Наталлю Гарачка вызвалілі. Максіма Вінярскага адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе склалі пратакол, абвінаваціўшы ў несанкцыянаваным пікетаванні амбасады Украіны 30 лістапада.

Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала Максіма Вінярскага вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КоАП і пакарала яго да 15 сутак арышту. Як паведаміла charter97.org актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава, ён папрасіў суд адтэрмінаваць выкананне пакарання на месяц з-за хваробы маці, аднак у гэтым было адмоўлена.

У знак пратэсту супраць рашэння суддзі Максім Вінярскі абвясціў галадоўку.

Нагадаем, 30 лістапада актывісты «Еўрапейскай Беларусі», руху «Разам» і «Альтэрнатывы» выйшлі да сцен украінскай амбасады, каб падтрымаць украінскі народ на яго шляху да еўраінтэграцыі. Яны запалілі свечкі ў знак салідарнасці, і разгарнулі сцягі : беларускі нацыянальны, украінскі дзяржаўны і сцяг Еўразвяза.

Фото: Илья Добротвор

Апошнія навіны