BE RU EN

Паляванне на «валютчыкаў» працягваецца

  • 20.12.2013, 12:45

Беларуская міліцыя працягвае паляванне на «валютчыкаў».

Толькі за апошнія двое сутак затрыманыя адразу двое буйных «валютчыкаў». У сераду 18 снежня ў Маладзечна супрацоўнікамі ўпраўлення па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў УУС Менаблвыканкама і УДФР КДК па Менскай вобласці пры абмене 140 еўра затрыманы мужчына 1969 года нараджэння, у якога канфіскавана 1600 еўра, 25500 даляраў ЗША і 17 мільёнаў 45 тысяч рублёў, паведамляе прэс-служба УУС Менаблвыканкама.

Устаноўлена, што ў верасні-снежні бягучага года ён ажыццяўляў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, якая выявіліся ў сістэматычным абмене валюты, атрымаўшы пры гэтым прыбытак у суме больш за 900 мільёнаў рублёў.

РАСК па Маладзечанскім раёне распачатая крымінальная справа па арт. 233 ч. 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мужчына змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

У чацвер 19 снежня ў Слуцку супрацоўнікамі ўпраўлення па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў УУС Менаблвыканкама, АБЭЗ Слуцкага РАУС, пры падтрымцы байцоў абласнога АМАП, у момант абмену 5000 даляраў ЗША затрыманы мужчына 1964 года нараджэння, у аўтамашыне якога канфіскавана 6800 даляраў ЗША і 3,4 мільёна рублёў.

Устаноўлена, што са снежня 2012 года па снежань бягучага года ён ажыццяўляў «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, якія выявіліся ў сістэматычным абмене валюты, атрымаўшы пры гэтым прыбытак у суме не менш за 130 мільёнаў рублёў».

Начальнікам УУС Менаблвыканкама ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 233 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. «Валютчык» змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Апошнія навіны