BE RU EN

«Палатачнікі» не адрозніваюць беларускую мову ад рускай

  • 2.12.2013, 7:46

Дзіўны па сваім цынізме адказ атрымаў жыхар Салігорска ад «дэпутатаў».

Сябра АГП Віктар Малочка раней напісаў скаргу аб парушэнні моўнага заканадаўства «палатачнікамі» Яўгенам Абаленскім і Таісіяй Данілевіч, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Ліставанне, якое тычыцца неабходнасці будаўніцтва ў горадзе новай паліклінікі, актывіст АГП вядзе яшчэ са жніўня. Яго першы зварот «дэпутаты» проста праігнаравалі. Пасля скаргі ў пракуратуру парламенцкая камісія па рэгламенце зрабіла заўвагу дэпутатам ад Салігорскага раёна аб парушэнні закона «Аб зваротах грамадзян». «Дэпутаты» на заўвагу аператыўна адрэагавалі і ў тэрміновым парадку далі адказ салігорскаму актывісту. Вось толькі аказалася, што адказы былі дадзеныя на рускай мове, хоць усе свае запыты і скаргі Віктар Малочка рабіў пераважна па-беларуску.

З гэтай нагоды салігорцу прыйшлося зноўку скардзіцца на дэпутатаў у Генеральную пракуратуру. На гэты раз на парушэнне закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Пасля доўгіх блуканняў па дзяржаўных інстанцыях адказ па сутнасці дала ўсё тая ж пастаянная камісія «палаты прадстаўнікоў» па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Валянціна Жураўская адказала літаральна наступнае: «Па інфармацыі дэпутатаў Данілевіч Т. І. і Абаленскага Я. В. адказы на звароты Вам дадзеныя на беларускай мове».

«Мне нават цяжка гэта неяк пракаментаваць, так як да сваёй скаргі я прыкладваў копіі рускамоўных адказаў дэпутатаў. Пра якую наогул інфармацыю ад дэпутатаў можа весціся гаворка? Складваецца ўражанне, што ў парламенце проста не могуць адрозніць беларускую мову ад рускай», - кажа Віктар Малочка.

У ходзе далейшага ліставання з дэпутатамі ён усё ж такі атрымаў ад «дэпутатаў» адзін адказ на беларускай мове. Вось толькі дадатак да яго ў выглядзе грунтоўнага адказу Упраўлення аховы здароўя Менаблвыканкама на дэпутацкі запыт, быў зноў на рускай мове.

Апошнія навіны