BE RU EN

Алігарх Чыж спрабуе абысці санкцыі ЕЗ

  • 19.12.2013, 8:00

«Кашалёк» Лукашэнкі задумаў маштабную рэарганізацыю свайго бізнесу.

Першым крокам стала перадача рэстарана «Ракаўскі бровар», які знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, бізнесмену Паўлу Палонскаму. Ад яшчэ адной кампаніі, у дачыненні да якой дзейнічаюць абмежавальныя меры, «Трайпл Тэхна», Юрый Чыж адмовіўся раней.

Адначасова з «Ракаўскім броварам», які быў адкрыты ў 1997 годзе, ва ўпраўленне Паўлу Палонскаму адышоў таксама і рэстаран «У Францыска». Гэтую інфармацыю пацвердзілі некалькі крыніц на рынку. Акрамя таго, гэтыя дзве ўстановы ўключаныя ў дысконтную праграму «Шакалад», якая дзейнічае ва ўсіх рэстаранах Паўла Палонскага. Гэтая інфармацыя размешчаная на сайце групы яго рэстаранаў, піша «Ежедневник».

Палонскі лічыцца адным з самых паспяховых беларускіх рэстаратараў, а пачынаў ён бізнес у 1993 годзе з куплі франшызы «Докі-піцы» ва Уладзіміра Доўганя. Зараз Палонскі з'яўляецца саўладальнікам і кіраўнікам групы рэстаранаў і кафэ, сярод якіх «Эль Памідора», «Тэрыторыя», «Сем комнат», «Старое русла». Па некаторай інфармацыі, ва ўпраўленне Палонскаму ўжо перайшлі або могуць перайсці ў бліжэйшы час і тры кандытарскія «Салодкi фальварак», уладальнікам якіх з'яўляецца «Трайпл».

Адзначым, што каля месяца таму з'явілася інфармацыя, што адна з гэтых кандытарскіх выстаўленая на таргі разам з рэстаранам «Бухара», які таксама належыць Чыжу. За іх просяць звыш 2 млн. даляраў. Трэба сказаць, што ў бягучым годзе Юрый Чыж пазбавіўся ад яшчэ аднаго рэстарана, а таксама гасцініцы ў Мірскім замку. Яны былі перададзеныя дзяржаве на бязвыплатнай аснове.

Перадача ў кіраванне або продаж рэстаранаў - гэта не першы і, мяркуючы па ўсім, не апошні крок вядомага бізнесмена на шляху рэструктурызацыі свайго шматпрофільнага бізнеса. У 2011 годзе ён ліквідаваў кампанію «Трайпл-тэхна», якая разам з «Менскімі вокнамі» Івана Буракоўскага ўтварыла новую бізнес-структуру - «Менскі дом вокнаў». Цікава, што на працягу многіх гадоў «Трайпл-тэхна» ўзначальваў Сяргей Зелянко. Чыж знаёмы з ім яшчэ з часоў Беларускага біржавога банка, дзе бізнесмен быў адным з ключавых акцыянераў, а Зелянко - членам праўлення. Пасля краху банка Зелянко перайшоў у «Трайпл», а пасля закрыцця «Трайпл-тэхна» зноў вярнуўся ў банкаўскі бізнес. Зараз Зелянко - намеснік старшыні праўлення БелЗЭБа.

У апошнія меясцы на рынку таксама з'явілася інфармацыя, што Чыж страціў цікавасць да мясаперапрацоўкі і шукае пакупніка на завод «Трайпл-Вялес». Але яна не знайшла пацверджання.

Зрэшты, у холдынгу бізнесмена каля 15 напрамкаў, з якіх заўсёды можна абраць прыярытэты. Адным з іх, падобна, стала сталічная гасцінічная нерухомасць. Некалькі тыдняў таму па адрасе цэнтральнага офіса «Трайпла» на Пераможцаў 51/2 было зарэгістравана СТАА «Кей Эм Лакшаыи Хатэл», якое, хутчэй за ўсё, з'яўляецца сумеснай кіруючай кампаніяй будучага гатэля Kempinski у цэнтры Менска.

Санкцыі ЕЗ уведзеныя ў дачыненні да 18 фірмаў алігарха Юрыя Чыжа з-за падтрымкі ім рэпрэсій, якія праводзяцца беларускімі ўладамі ў дачыненні да апазіцыі. Яны пачалі дзейнічаць у 2011 годзе і падоўжаныя восенню 2013 года. Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да ТАА «Трайпл», СТАА «НафтаХімТрэйдынг», ЗАТ «Аскаргатэрмінал», ТАА «Трайплметалтрэйд», ТАА «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў», СП ТАА «Трайпл-Тэхна», СТАА «Варыянт», СТАА «Трайпл-Дэкор», СЗАТ «Кварцмелпрам», СЗАТ «Альтэрсалюшнс», СЗАТ «Прастормаркет», СП ТАА «Акватрайпл», ТАА «Ракаўскі бровар», ГСАК «Лагойск», «Трайпл-Агра», ЗАТ ФК «Дынама-Менск», СТАА «Трайплфарм», ЗАТ «Трайплфарм».

Апошнія навіны