Еўрапарламент прапанаваў правесці новыя выбары ва Украіне
- 12.12.2013, 16:21
У дэмакратычным грамадстве могуць быць праведзеныя новыя выбары, калі неабходна абнавіць народную законнасць.
Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Еўрапарламента «Аб выніках Віленскага саміту і будучыні Усходняга партнёрства, у прыватнасці, у дачыненні да Украіны», якую падтрымалі ў чацвер у Страсбургу, піша «Украинская правда».
«(ЕП) Нагадвае, што ў любым дэмакратычным грамадстве могуць быць праведзеныя новыя выбары, калі неабходна абнавіць народную законнасць», - гаворыцца ў рэзалюцыі. У дакуменце таксама ўтрымліваецца палажэнне «настойліва заклікаць украінскія ўлады ўзяць удзел у перамовах з прысутнымі, каб пазбегнуць эскалацыі гвалту і дэстабілізацыі ў краіне».
«І заклікаць усе палітычныя партыі гарантаваць правядзенне законнай, спакойнай парламенцкай дыскусіі па эканамічнай і палітычнай сітуацыі і перспектывы будучай інтэграцыі з ЕЗ», - пастанавілі еўрадэпутаты.
Як вядома, ва Украіне 22-і дзень працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць дзеянняў улады - перш за ўсё, адмовы падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам 29 лістапада і жорсткага разгону мірных дэманстрантаў у ноч на 30 лістапада.
Сярод асноўных патрабаванняў мітынгоўцаў - адстаўка ўрада і перавыбары прэзідэнта і парламента.
Нагадаем, учора ноччу байцы «Беркута» паспрабавалі ўзяць штурмам будынак Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі на Крэшчаціку і зачысціць Еўрамайдан, аднак пасля аказанага жорсткага супраціву вымушаныя былі адступіць.
Раніцай сілавікі прыпынілі наступ на пазіцыі апазіцыйных актывістаў. Камунальнікі ўвесь дзень працягнулі разбор барыкад на «зачышчаных» тэрыторыях, аднак далей у бок еўраактывістаў прасунуцца не змаглі, адзначаюць назіральнікі. На сцэне, усталяванай на плошчы, аднавіўся мітынг, падчас якога лідары ўкраінскай апазыцыі заклікалі міліцыю не падпарадкоўвацца незаконным загадам і не ўжываць гвалт у адносінах да дэманстрантаў.
Напярэдадні дзяржсакратар ЗША Джон Кэры выказаў «агіду» з нагоды рашэння ўладаў ужыць сілу супраць мірнага пратэсту ў Кіеве. Сёння ЗША заявілі пра магчымае ўвядзенне санкцый супраць афіцыйнага Кіева.