BE RU EN

Сямашка праваліў перамовы па нафце

  • 29.11.2013, 7:58

Перамовы аб пастаўках расейскай нафты перанесеныя на снежань.

Нафтавы баланс на наступны год і рэалізацыю інтэграцыйных праектаў абмяркоўвалі віцэ-прэм'еры дзвюх краін - Уладзімір Сямашка і Аркадзь Дварковіч. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце ўрада Расеі.

«Намеснік старшыні ўрада Расейскай Федэрацыі Аркадзь Дварковіч і першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на сустрэчы абмеркавалі ход рэалізацыі інтэграцыйных праектаў дзвюх краін у розных сферах. Удзельнікі перамоваў адзначылі сур'ёзнае прасоўванне па ўзаемадзеянні ААТ «Расэлектроніка» і ААТ «Інтэграл» і ГК «Растэх» і ААТ «МЗКЦ».

Таксама на сустрэчы абмяркоўваліся пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у 2013 і 2014 гадах.

Аркадзь Дварковіч і Уладзімір Сямашка дамовіліся аб правядзенні наступнай сустрэчы ў снежні», - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

У гэтым годзе Беларусь атрымае ад Расеі толькі 20 мільёнаў тон нафты замест запытаных 23, пра гэта стала вядома два дні таму. Тым не менш, у наступным годзе Менск разлічвае атрымаць максімальны аб'ём расейскай нафты. Пра гэта журналістам раней паведаміў міністр энергетыкі суседняй краіны Аляксандр Новак. Пры гэтым ён адзначыў, што магчымы аб'ём паставак з расейскага боку яшчэ не вызначаны.

У канцы кастрычніка намеснік міністра эканомікі рэспублікі Беларусі адзначаў, што Менск спадзяецца атрымаць ў 2014 годзе па паліўным балансе 23 мільёна тон расейскай нафты.

Нагадаем, напярэдадні 2013 года Расея адмовілася падпісваць з Беларуссю гадавы баланс паставак, баючыся аднаўлення беларускім бокам «шэрага» экспарту растваральнікаў. У гэтым годзе пастаўкі нафты ажыццяўляюцца ў рамках графікаў, якія штоквартальна зацвярджаюцца. Кожны квартал на беларускія НПЗ паступала 5,75 млн. тон расейскай нафты.

Паміж дзвюма краінамі дзейнічае нафтавы баланс: расейская нафта паступае на беларускія НПЗ, а гатовая прадукцыя вяртаецца на рынак у Расею праз рэалізацыю на біржы.

Апошнія навіны