BE RU EN

«Беларуськалій» будзе стаяць да сакавіка

  • 15.11.2013, 8:01

Катастрафічная сітуацыя на калійным гіганце не вырашыцца да пачатку пасяўной.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў адзін з супрацоўнікаў «Беларуськалію».

«Прадпрыемства практычна стаіць - працуе ўсяго толькі на чвэрць. Гэта значыць кожны з чатырох руднікоў працуе па чарзе, а ў прамежках сядзім на 2/3 акладу. І так будзе да сакавіка, пакуль не падпішуць новыя кантракты перад пасяўной і не пачнуцца адгрузкі. Пакуль што ніхто не хоча падпісваць, бо ўсе хочуць калійныя ўгнаенні па меншым кошце. Хутка павінны заключыць кантракт з Бразіліяй, і тады будзе ясна наконт кошту. «Генерал» (генеральны дырэктар «Беларуськалію» Валерый Кірыенка - заўв. рэд.) кажа, што ўжо зусім хутка ўсё будзе добра, але пры гэтым у вачах яго бачны смутак - вочы не хлусяць», - падкрэсліў работнік.

Крытычная сітуацыя, якая склалася на найбуйнейшым прадпрыемстве Беларусі ўзнікла пасля канфлікту з «Уралкаліем».

У канцы ліпеня расейскі партнёр «Беларуськалію» спыніў экспарт праз сумеснага трэйдара ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК). У сувязі з гэтым «Беларуськалій» у жніўні спыніў два рудніка з чатырох і перавёў значную частку работнікаў на дзве траціны акладу.

26 жніўня ў Менску быў арыштаваны гендырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнер. Яму было прад'яўленае абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі і прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Праз месяц мера стрымання была замененая на хатні арышт, удакладненае абвінавачванне. У канцы кастрычніка на 2 месяцы падоўжаныя тэрміны расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара «Уралкалію», ён пакінуты пад хатнім арыштам. Беларускія ўлады лічаць, што ён і іншыя топ-мэнэджэры БКК нанеслі страты «Беларуськалію» ў памеры да 100 мільёнаў даляраў.

Апошнія навіны