BE RU EN

На МАЗе ўвялі чатырохдзёнку і скарацілі зарплаты

  • 14.11.2013, 15:26

МАЗ так і не вырашыў праблему з рэалізацыяй сваёй прадукцыі.

З 15 лістапада і да канца года ўсе пятніцы на заводзе абвешчаныя выходнымі днямі. Пра гэта «Нашай Нiве» паведаміла крыніца на прадпрыемстве. Аплачвацца гэтыя дні будуць у памеры 2/3 ад акладу. Скарачэнне заробкаў не закране толькі супрацоўнікаў аўтобуснай вытворчасці.

«Мы яшчэ не бачылі загад - яго наогул падрыхтавалі настолькі таемна, што мы не ведалі нічога да сённяшняй раніцы, - распавёў супрацоўнік завода. - Але начальнік цэха сказаў, што пятніцы да 20 снежня ўключна будуць аплачвацца па тарыфе 2/3 ад акладу.

Больш за тое, 27, 30 і 31 снежня будуць адпачынкам за свой кошт.

Некаторых вузкіх спецыялістаў папярэдзілі, што ў пятніцу яны будуць працаваць па заявах. Напрыклад, патрэбныя два чалавекі з усяго штата - ім аплацяць працоўны дзень цалкам, а ў астатніх выходны».

Прычына пераходу на чатырохдзёнку, як і ў пачатку года, - праблемы са збытам прадукцыі і затаваранасцю складоў.

«Грузавікі не прадаюцца, аўтобусы не прадаюцца, няма камплектуючых - іх няма за што закупляць. Таму вымушаныя эканоміць», - сказаў супрацоўнік прадпрыемства.

Памочнік гендырэктара завода Аляксей Дзерашоў паведаміў, што «выніковае рашэнне яшчэ не прынятае» і павінна з'явіцца сёння ці заўтра.

У гэтым годзе МАЗ ужо працаваў некалькі месяцаў па чатыры дні на тыдзень. Рашэнне аб гэтым было прынята адміністрацыяй завода ў лютым. Рабочыя дні з пятніц 15, 22 і 29 сакавіка 2013 года былі перанесеныя на суботы 19 кастрычніка, 9 і 20 лістапада 2013 года для работнікаў усіх структурных падраздзяленняў ААТ «МАЗ», прафработнікаў ліцейнага, кавальскага і аўтобуснага заводаў, філіялаў ААТ «МАЗ» «Сэрвісны цэнтр», «Гандлёвы дом», «Гасцінічны комплекс», «Палац Культуры».

Тым не менш, не толькі суботы засталіся выходнымі, але да іх зноў дадаліся пятніцы.

Апошнія навіны