BE RU EN

СК Расеі «знайшоў» на борце «Арктык Санрайз» наркотыкі

  • 9.10.2013, 16:33

Падчас ператрусу на судне «Арктык Санрайз», якое належыць Greenpeace, следчыя знайшлі наркотыкі.

Як гаворыцца ў заяве СК ад 9 кастрычніка, гаворка меркавана ідзе пра макавую саломку і марфін. Каму належаць знойдзеныя рэчывы, пакуль не ўстаноўлена, піша Lenta.ru.

Следчыя пры ператрусе таксама знайшлі апаратуру, якая, як гаворыцца на сайце ведамства, мае «падвойнае прызначэнне» і «магла выкарыстоўвацца не толькі ў экалагічных мэтах». Пра якую апаратуру ідзе гаворка, пакуль не ясна.

Акрамя таго, следчыя высвятляюць, хто з членаў экіпажа «Арктык Санрайз» тараніў памежныя катэры, замінаючы памежнікам выконваць іх службовыя абавязкі. Гэтымі дзеяннямі фігуранты «пасягалі на жыццё і здароўе прадстаўнікоў улады», дадалі ў СК.

Следчы камітэт папярэдзіў, што ў сувязі з новымі дадзенымі некаторым членам экіпажа судна могуць змяніць абвінавачванне.

«Арктык Санрайз», паводле судовага рашэння, знаходзіцца пад арыштам. Як адзначылі ў СК, дзеянні следчых на борце судна не супярэчаць расейскаму і міжнароднаму праву.

У прэс-службе Greenpeace усумніліся ў тым, што знойдзеныя рэчывы належаць членам экіпажа «Арктык Санрайз». «Карабель знаходзіцца столькі часу без экіпажа і выразнага статусу, яго кантралююць невядомыя людзі. Я не хачу нікога вінаваціць, але знайсці можна ўсё што заўгодна», - заявіў «Інтэрфаксу» юрыст расейскага аддзялення арганізацыі Міхаіл Крэйндлін. Ён дадаў, што ў Greenpeace забароненае ўжыванне любых наркатычных рэчываў.

30 членаў экіпажа «Арктык Санрайз», у тым ліку фотажурналіст Дзяніс Сінякоў, абвінавачваюцца па частцы 3 артыкула 227 КК РФ («пірацтва ў складзе арганізаванай групы»). Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Усе фігуранты зараз знаходзяцца ў СІЗА Мурманска і Апатытаў. Згодна з рашэннем суда, пад вартай яны будуць заставацца як мінімум да 24 лістапада 2013 года.

Экіпаж судна Greenpeace быў арыштаваны за акцыю, якая прайшла 18 верасня гэтага года ў Пячорскім моры на нафтавай платформе «Газпрама» «Прыразломная». У той дзень два актывісты паспрабавалі трапіць на платформу, аднак іх затрымалі памежнікі. На наступны дзень спецназ ФСБ высадзіўся на борт «Арктык Санрайз» і затрымаў астатніх членаў экіпажа. Сваёй акцыяй Greenpeace хацеў прыцягнуць увагу да небяспекі здабычы вуглевадародаў у Арктыцы.

Апошнія навіны