BE RU EN

Лукашэнка пагражае Мясніковічу турмой

  • 9.10.2013, 13:20

Дыктатар прызначыў «крайнімі» за неліквіды на складах чыноўнікаў урада.

Сёння на нарадзе па бягучых пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Лукашэнка абвінаваціў іх у хлусні і прыгразіў крымінальнай адказнасцю, паведамляе прэс-служба дыктатара.

«Я папрасіў бы вас, Міхаіл Уладзіміравіч, а яшчэ больш - міністраў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, мець на ўвазе. Усё гэта хлусня па разгрузцы складоў, як гэта выглядае сёння ў нас - вывезлі ў Літву, Расею, яшчэ кудысьці, грошай не атрымалі, а склалі там у дылераў на складах трактары, аўтамабілі... Скажу публічна, гэта абернецца камусьці камерай, - заявіў ён, звяртаючыся да кіраўніка ўрада Міхаіла Мясніковіча. - Каму вы хлусіце, я не разумею. У мяне дастаткова людзей, якія прааналізуюць і заўтра дакладуць».

Лукашэнка прад'явіў прэтэнзіі не толькі кіраўніку ўрада, але і яго намеснікам.

«Я вам адпаведныя дакументы сёння накірую, і вы пачытаеце і паглядзіце, што робяць члены ўрада і кіраўнікі прадпрыемстваў. Узяліся прадаваць - прадавайце. Графік вы самі пазначылі. Стэнаграму выпісалі, з яе мы возьмем вашы і міністраў абавязацельствы, вам дамо паслухаць, а потым спытаем, - заявіў ён, звяртаючыся да першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі. - Галоўнае - гэта грошы ў краіну, а не тавар за мяжу выкінулі і паставілі там недзе пад плотам. Куды хочаце вязіце, але грошы павінны ў краіну паступіць. І раю вам звярнуць увагу на якасць працы нашых прадпрыемстваў».

Лукашэнка не ў першы раз звальвае віну за правалы ў эканоміцы на чыноўнікаў, не згадваючы пры гэтым, што сам іх прызначаў. У пачатку верасня ён прыгразіў адстаўкай ураду і дырэктарам буйных прадпрыемстваў за невыкананне да 1 студзеня 2014 года заданняў па разгрузцы складоў і росту прамысловай вытворчасці.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны