Лукашэнку зноў адцэнзуравалі (Відэа)
- 9.10.2013, 10:24
«Атракцыён нябачанай шчодрасці» анансаваў беларускі кіраўнік, наведваючы БелАЗ 8 кастрычніка.
- Вось мы цяпер думаем, як падтрымаць жанчын, сем'і падтрымаць, - заявіў ён. - Ужо і праект «Вялікая сям'я» мне прапанавалі там. За першага дзіцяці там, дапусцім, 10 тысяч даляраў у далярах, мы адкрываем рахунак, за другога - 20 там, за трэцяга - падвойваецца. А калі яшчэ ты там уносіш на гэты рахунак сродкі на будучага свайго трэцяга або другога, дзяцей сваіх, то мы падвойваем, мы больш у 2 разы даем.
Як падлічыла «Наша Ніва», у гэтым выпадку дзяржаве прыйшлося б штогод выплачваць больш за 2 мільярды даляраў на дзяцей.
Улічваючы эканамічную сітуацыю ў краіне, гэтыя планы рэальнымі не выглядаюць. І гэта пацвердзілі самі ўлады, падвергнуўшы Аляксандра Лукашэнку «жорсткай цэнзуры»: са сказанага ім выразалі ўсю канкрэтыку. Вось якая інфармацыя на гэтую тэму з'явілася ў выніку на сайце Лукашэнкі:
«Прэзідэнт таксама закрануў тэму падтрымкі сем'яў з дзецьмі. Паводле яго слоў, у Беларусі распрацоўваецца праект «Вялікая сям'я», які прадугледжвае розныя варыянты падтрымкі сем'яў з дзецьмі. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць адкрыцця рахунку, на які будуць налічвацца сродкі пры нараджэнні дзіцяці. Прычым плануецца, што гэтая сума будзе значна павялічвацца пры з'яўленні ў сям'і кожнага наступнага дзіцяці».
Як адзначае «Салідарнасць», вышэйзгаданых лічбаў няма ні ў нататцы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, ні ў артыкуле «Советской Белоруссии», прысвечаным візіту Лукашэнкі на БелАЗ. Так што тыя, хто паслухаўшы беларускага кіраўніка, пачалі планаваць павелічэнне сям'і на дзесяткі тысяч даляраў для будучых дзяцей могуць не разлічваць.