BE RU EN

Акадэмія Навук запускае вытворчасць стярляджай ікры

  • 8.10.2013, 11:03

Ідэя ўласнай вытворчасці чорнай ікры не дае спакою беларускім навукоўцам.

Лабараторыя развядзення і вырошчвання каштоўных відаў рыб Інстытута рыбнай гаспадаркі РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі» ў цяперашнім годзе заканчвае распрацоўку тэхналогіі фармавання і эксплуатацыі ікорнага статка сцерлядзі.

Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Менск-Навіны» паведаміла загадчыца лабараторыі Святлана Дакучаева.

- Дзякуючы даследаванням ў Беларусі змогуць атрымліваць чорную ікру ўласнай вытворчасці. Яе кошт будзе мінімум у 2 разы ніжэй у параўнанні з імпартным. У рыбгасах «Сялец» і «Новалукомльскі» ўжо сфармавалі ікорны статак сцерлядзі, - распавяла яна.

Як адзначыла спецыяліст, для таго каб наладзіць вытворчасць, трэба ўлічваць мноства фактараў. У прыватнасці, асятровыя вельмі патрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Таму гідрахімічныя і кіслародныя паказчыкі сажалкавых гаспадарак павінны строга адпавядаць ДАСТу. Трэба ставіць фільтры, чысціць ваду пры падачы ў інкубацыйныя цэхі.

Акрамя гэтага напрамку ў лабараторыі інстытута займаюцца ўкараненнем і развядзеннем ў рыбгасах такіх каштоўных відаў рыб, як ленскі асетр, весланос, еўрапейскі і канальны сом. На думку С. Дакучаевай, таксама перспектыўна ўводзіць у вадаёмы рыбгасаў буфала, судака, сігавых рыб, бястяра (гібрыд бялугі і асятра).

У 2012 годзе ў рэспубліцы выгадавалі 17,6 тыс. тон таварнай рыбы, з іх каштоўных відаў - 228,9 т, у тым ліку ласосевых - 71,8 т, асятровых - 97,5 т, сомавых - 59,6 т.

Сабекошт вырошчвання, напрыклад еўрапейскага сома, у сажалках складае 13-15 тыс. руб./кг, стронгі - 50-60 тыс. руб./кг, асятра ў басейнах - 55-60 тыс. руб./кг.

За час лабараторных даследаванняў у Бярэзіну ўжо выпусцілі 5.000 экз. маладняку сцерлядзі, у Прыпяць у 2010-м - 500, а ў 2011 годзе - 700 рыб ва ўзросце 3 гадоў.

Апошнія навіны