BE RU EN

У Магілёве міліцыя сарвала раздачу інфармацыйных бюлетэняў

  • 4.10.2013, 12:44

У Магілёве міліцыя перашкодзіла ў распаўсюдзе бюлетэня «Сацыял-дэмакрат».

Сёння, 4 кастрычніка, з тэрыторыі рынку аўтазапчастак, які знаходзіцца на Гомельскай шашы, быў прымусова выведзены актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Сердзюкоў, які раздаваў там партыйны бюлетэнь.

Актывісту атрымалася раздаць каля 50 бюлетэняў, пасля чаго да яго падышло трое міліцыянтаў і пачалі разбірацца ў тым, што за прадукцыю раздае актывіст, піша ПЦ «Вясна».

«Міліцыянты ўзялі сабе экземпляр выдання, чамусьці сказалі, што ў бюлетэні няма выходных дадзеных, хоць яны маюцца і каб я ішоў прэч з аўтарынка. Акрамя таго яны перапісалі пашпартныя дадзеныя. Сказалі, што калі я зноў з'яўлюся на аўтарынку, то мяне арыштуюць, а тыраж бюлетэняў канфіскуюць», - кажа Алесь Сердзюкоў.

Актывіст кажа, што здолеў перапісаць прозвішча галоўнага міліцыянта, які вёў з ім перамовы - гэта Уладзімір Данцоў. Сердзюкоў адзначае, што міліцыянты сталі непраходнай сцяной каля ўваходу на рынак і стаялі да таго часу, пакуль ён адтуль не сышоў.

Варта адзначыць, што нумар бюлетэня «Сацыял-дэмакрат» быў прысвечаны кампаніі, якую распачалі магілёўскія сацыял-дэмакраты "«За зніжэнне растаможкі аўтамабіляў, якія ўвозяцца ў Беларусь з Еўропы і ЗША». Усе публікацыі бюлетэня былі прысвечаныя праблеме высокіх коштаў растаможкі былых ў выкарыстанні аўтамабіляў з Еўропы і ЗША і недаступнасці іх для сярэднестатыстычнага беларуса.

Апошнія навіны