BE RU EN

ЕЗ прадоўжыў санкцыі супраць беларускіх уладаў

  • 29.10.2013, 19:52

Пастанову аб гэтым сёння прыняла Рада Еўрапейскага Звяза.

Тэрмін дзеяння абмежавальных мер у дачыненні да афіцыйнага Менска прадоўжаны на год. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Рады ЕЗ (пераклад - charter97.org).

«У адпаведнасці са штогадовым аглядам сёння Рада падоўжыла абмежавальныя меры Еўрапейскага Звязу ў дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2014. Гэта адбылося ў сувязі з тым, што не ўсе палітычныя зняволеныя былі вызваленыя, а тыя з іх, якія выйшлі на свабоду, не былі рэабілітаваныя. У Беларусі не назіраецца паляпшэнняў у сферы павагі да правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў», - гаворыцца ў паведамленні.

Пасля перагляду санкцый у спісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ, застаюцца 232 прозвішчы. Абмежавальныя меры дзейнічаюць у дачыненні да 25 беларускіх прадпрыемстваў.

«ЕЗ захавае палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, накіраваную на забеспячэнне захавання правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у краіне», - падкрэсліваецца ў паведамленні

Нагадаем, да сённяшняй пастановы пад візавыя і эканамічныя абмежаванні ЕЗ падпадалі 243 беларускіх чыноўнікі, у тым ліку Лукашэнка, і 32 кампаніі. Санкцыі былі уведзеныя супраць кашалькоў дыктатара - Юрыя Чыжа, Уладзіміра Пефціева і Анатоля Тарнаўскага і іх фірмаў. Абмежавальныя меры супраць уладаў Беларусі былі ўведзеныя праз сістэматычныя парушэнні імі правоў чалавека і рэпрэсій супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майра Мора на міжнароднай канферэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі» ў Вільні заявіла, што са спісу неўязных у Еўразвяз будуць выключаныя 13 чалавек, санкцыі будуць знятыя з 5 юрыдычных асоб. У спісы неўязных будуць уключаны яшчэ тры чалавекі.

Апошнія навіны