BE RU EN

Беларусаў рыхтуюць да ўвядзення падатку на аўто

  • 29.10.2013, 11:46

Падатак на аўтамабіль будзе ўключаць падатак на экалогію, паркоўку і прастору.

У артыкуле «Па месцах стаяць» «Советской Белоруссии» «эксперты» прапануюць увесці ў Беларусі падатак на аўтамабілі.

«Людзі павінны разумець, што аўтамабіль - гэта сродак павышанай небяспекі. І прасторавай, і экалагічнай. І за гэта трэба плаціць, - сказаў дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армэн Сардараў падчас абмеркавання праблемы парковак у рэдакцыі СБ. - Я лічу, што падатак на транспартны сродак павінен уключаць і падатак на экалогію, на паркоўку, на прастору, якую ён займае на тэрыторыі агульнага карыстання».

«Гэта пытанне здароўя кожнага чалавека, які жыве тут. Толькі гэта разумее той і тады, калі пад яго акном кожную раніцу выграваюць рухавікі прыпаркаваных унізе аўтамабіляў. Там дыхаць няма чым. Але ты не зможаш нічога растлумачыць гэтаму аўтаўладальніку. Ён разумее толькі адно: тут ён ставіць свой аўтамабіль і, натуральна, выграваць яго можа толькі тут. А не ў нейкім іншым месцы», - так патлумачыў сваю прапанову аб увядзенні дадатковых падаткаў Армэн Сардараў.

Нагадаем, яшчэ ў 2009 годзе з ініцыятывай увесці падатак на аўто выступалі сталічныя ўлады.

«Трэба ў Менску ўвесці падатак на аўтамабіль, - заяўляў тады цяперашні старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька. - У нас у горадзе дзесьці 500 тысяч машын, у сярэднім аўтаўладальнікі трацяць на бензін 200 тысяч рублёў у месяц, у год атрымліваецца 1-2 мільёны. Дык давайце хоць бы па 60-70 тысяч рублёў з кожнага аўтамабіліста збярэм, у год мы атрымаем 30-40 мільярдаў».

А ўчора Мікалай Ладуцька прапанаваў больш актыўна прыцягваць жыхароў Менска да фінансавання будаўніцтва парковак.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны