BE RU EN

Ладуцька патрабуе ў менчукоў грошай на паркоўкі

  • 28.10.2013, 14:54

Жыхароў Менска будуць прыцягваць да ўдзелу ў фінансаванні работ па будаўніцтве парковак.

Пра гэта паведаміў сёння старшыня Менскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька на аператыўнай нарадзе, перадае БелТА.

«У рамках правядзення капітальнага рамонту дамоў неабходна прыцягваць грамадзян да ўдзелу ў фінансаванні будаўніцтва парковачных месцаў», - адзначыў Мікалай Ладуцька. Ён падкрэсліў, што ўжо ў планах капрамонтаў на наступны год неабходна вызначыць, колькі парковачных месцаў будзе створана за кошт сродкаў менчукоў.

На нарадзе таксама было адзначана, што ў цяперашні час у Менску вядзецца капітальны рамонт 128 дамоў, з іх на 33 аб'ектах не выконваюцца тэрміны завяршэння работ у сувязі з тым, што не забяспечанае іх фінансаванне. Старшыня гарвыканкама даручыў выбудаваць дакладны тэхналагічны ланцужок па правядзенні капрамонту ў дамах са звышнарматыўнымі тэрмінамі, каб вызначыць, на якіх этапах ідзе зніжэнне тэмпаў работ. «Сістэму выканання капітальнага рамонту неабходна давесці да дасканаласці, каб не было зрываў здачы дамоў», - запатрабаваў ён.

Нагадаем, у пачатку верасня ГА «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» паабяцала, што на тэрыторыі 10 менскіх ЖРЭА да канца года плануецца зрабіць каля 11 тысяч дадатковых месцаў для часовага размяшчэння аўтамабіляў.

Апошнія навіны