На карону «Міс Віцебск – 2013» прэтэндуюць усяго 11 дзяўчат
- 21.10.2013, 11:02
19 кастрычніка ў віцебскім клубе «Планета» прайшоў кастынг гарадскога конкурсу прыгажосці.
Журы фармальна ўзначальваў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, аднак, паколькі чыноўнік так і не з'явіўся на кастынг, дэ-факта шэфстваваў прарэктар ВДТУ Барыс Рыклін, піша БелаПАН.
Конкурс прыгажосці «Міс Віцебск - 2013» пройдзе ў рамках фестывалю «Навагоднія фантазіі», які арганізавалі Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу, Віцебскі аблвыканкам і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
Імёны дзяўчат, якія прайшлі кастынг, стануць вядомыя пасля выходных. З-за малой колькасці канкурсантак аргкамітэту, магчыма, прыйдзецца аб'явіць новы адбор.
Фінал конкурсу «Міс Віцебск - 2013» адбудзецца 7 снежня, журы вызначыць уладальніцу тытула міс Віцебск - 2013, акрамя таго шляхам галасавання гледачоў выберуць міс глядацкіх сімпатый. Таксама рэгламентам прадугледжаныя наступныя тытулы: першая віцэ-міс Віцебск (2-е месца), другая віцэ-міс Віцебск (3-е месца), міс Абаянне, міс Арыгінальнасць, міс Грацыя, міс Прэса, міс Фота. Фінал будзе складацца з прадстаўлення ўдзельніц і некалькіх дэфіле: спартыўнага, у купальніках і ў вячэрніх сукенках.