Першага ў свеце біяробата прадэманстравалі ў Вашынгтоне
- 20.10.2013, 8:44
Робат з характарам 13-гадовага падлетка паказаны ў Смітсанаўскім музеі авіяцыі і касманаўтыкі.
Мадэль, створаная лонданскай кампаніяй Robot Co, закліканая прадэманстраваць прарыў у біяканструяванні і стварэнні штучных органаў, паведамляе «Голас Амерыкі».
«Гэта не жарты. Гэта рэальнае развіццё навукі», - сказаў дырэктар Джон Дэйлі.
Вышыня 77-кілаграмовага робата складае 183 см. Ён стаў галоўным героем дакументальнага фільма «Неймаверны біячалавек», прэм'ера якога пройдзе ў музеі бліжэйшай нядзеляй.
Біячалавек быў персанажам фэнтэзі ў 1970-х гадах: яму прысвечанае шоў «Чалавек на шэсць мільёнаў» пра былога астранаўта Стывена Осціна, чыё цела, ратуючы яго ад смерці, лекары пераканструявалі з выкарыстаннем сінтэтычных матэрыялаў.
На распрацоўку апошняй мадэлі біяробата быў выдаткаваны 1 мільён даляраў. Ён складаецца з 28 штучных частак цела, уключаючы падстраўнікавую залозу, лёгкія, селязёнку і крывяносную сістэму, якія былі створаныя ў розных інавацыйных лабараторыях і пазычаныя для зборкі робата.
«Сэнс праекта - узяць усе часткі цела, якія ўжо створаныя на гэты момант, і скласці з іх цела, падобнае да чалавечага, - распавядае Берталт Маер, спецыяліст у галіне сацыяпсіхалогіі з Цюрыхскага ўніверсітэта ў Швайцарыі. - Мы хацелі даведацца, як будзе выглядаць гэтае стварэнне».
Робат быў змадэляваны для Маера, які нарадзіўся без рукі і карыстаецца пратэзам. Ён прадэманстраваў здольнасці робата, прымусіўшы яго зрабіць некалькі нязграбных крокаў. Па празрыстай і бачнай крывяноснай сістэме ў біяробата цячэ кроў.
«Ён выглядае як жывы, гэта крыху палохае», - кажа турыст з Бостана Пол Арканд.
У робата нерухомы твар і няма скурнага покрыва. Ён кантралюецца з дапамогай кампутара і сістэмы Bluetooth.
Інтэлект робата - кампутарная праграма chatbot, падобная да Siri, якая працуе ў айфонах.
«Стваральнікі праграмы разважылі, што ў робата будзе характар 13-гадовага падлетка, - распавёў Роберт Уарбэртан, інжынер-дызайнер у кампаніі Shadow Robot. - Таму ён не самая ветлівая істота, з якой можна пагаварыць».
Зборка робата пачалася ў жніўні 2012 года і заняла тры месяцы.
Фота: Reuters