BE RU EN

Унікальнае відэа скачка з вышыні 39 кіламетраў

  • 16.10.2013, 18:07

У гадавіну легендарнага скачка са стратасферы аўстрыйца Фелікса Баўмгартнера ў інтэрнэце з'явіўся новы відэазапіс палёту.

Ён быў зроблены з дапамогай камер, замацаваных на касцюме парашутыста, піша NEWSru.com.

Нагадаем, свой рэкорд Баўмгартнер устанавіў 14 кастрычніка 2012, выскачыўшы з адмысловай капсулы, паднятай з дапамогай паветранага шара з геліем ў стратасферу на вышыню 39045 метраў. Свабоднае падзенне спартоўца-экстрэмала, які атрымаў мянушку Бясстрашны Фелікс, доўжылася 4 хвіліны 19 секунд. Пасля гэтага раскрыўся парашут, і смяльчак шчасна прызямліўся ў амерыканскім штаце Нью-Мексіка.

У Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі пазней прызналі, што Баўмгартнер адначасова усталяваў тры сусветныя рэкорды: здзейсніў скачок з найбольшай вышыні, дамогся самай вялікай дыстанцыі вольнага падзення і развіў самую высокую ў гісторыі хуткасць вольнага падзення - 1 357,6 км/г, што ў 1,25 разы перавысіла хуткасць гуку.

За скачком Баўмгартнера назіралі з дапамогай трансляцыі праз YouTube амаль 52 мільёны чалавек. Праз некалькі дзён пасля скачку Баўмгартнер абвясціў аб сканчэнні спартыўнай кар'еры. «Больш не засталося нічога, чаго б я не дамогся. Гэта быў самы буйны праект у маім жыцці. І я шчаслівы, што пасля ўсіх сваіх дасягненняў застаўся жывы». Баўмгартнер заявіў, што цяпер плануе працаваць пілотам гелікоптэра і напісаць кнігу пра свае экстрэмальныя дасягненні.

Новае відэа выпусціла кампанія Red Bull, якая спансавала скачок Баўмгартнера.

А гэта запіс скачка з боку, які даступны на YouTube ужо год:

Нагадаем, папярэдні рэкорд вышыні і хуткасці скачка з парашутам належаў палкоўніку арміі ЗША Джозэфу Кітынгеру, які ў 1960 годзе скокнуў з вышыні 31 км, аднак да хуткасці гуку недацягнуў. Кітынгер уваходзіў у каманду Баўмгартнера ў якасці кансультанта.

Апошнія навіны