BE RU EN

Змітру Дашкевічу пагражаюць новым тэрмінам

  • 16.10.2013, 11:11

Былога палітвязня абяцаюць адправіць за краты за найменшае парушэнне нагляду.

Пра гэта Зміцер Дашкевіч паведаміў сайту charter97.org.

«Учора я ажыццяўляў перарэгістрацыю з Завадскога раёна ў Першамайскі. Узяў выпіску ў Завадскім РУУС, прыйшоў у Першамайскі і пачаў размаўляць з адным з супрацоўнікаў, якія займаюцца пастаноўкай на ўлік. Я распавёў яму пра тое, як праходзіў нагляд у Завадскім раёне, маўляў, навошта гэты цырк, калі ўвесь час прыходзяць у 20:02, правяраюць і кажуць, што калі пару разоў спознішся, то паедзеш у турму. Ён сказаў, што ў Першамайскім такіх глупстваў няма», - адзначыў палітык.

Зміцер Дашкевіч падкрэсліў, што калі працягнуў гэтую размову з кіраўнікамі аддзела па наглядзе, то яны заявілі, што яго ўвогуле будуць правяраць у 20 гадзін 30 секунд і нават па начах са спецназам.

«Не разумею, навошта рабіць такія правакацыі і пагражаць турмой за спазненне на паўхвіліны. Я збіраюся напісаць заяву ў пракуратуру, каб з імі правялі размову і хоць бы навучылі ветліва размаўляць. Мне здаецца, што верагоднасць арышту за парушэнне прэвентыўнага нагляду ў маім выпадку даволі высокая», - лічыць былы палітычны вязень.

Нагадаем, 32-гадовы Зміцер Дашкевіч вызваліўся з гродзенскай турмы № 1 28 жніўня. Ён правёў у зняволенні 986 дзён па абвінавачванні ў «асабліва злосным хуліганстве».

Ён і яго таварыш па «Маладым фронце» Эдуард Лобаў былі затрыманыя ў Менску 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Іх абвінавацілі ў збіванні двух менчукоў. Нягледзячы на тое, што маладафронтаўцы катэгарычна адмаўлялі абвінавачвання і заяўлялі, што не знаёмыя з нібыта пацярпелымі, суд Маскоўскага раёна сталіцы 24 сакавіка 2011 года прызнаў іх вінаватымі ў асабліва злосным хуліганстве. Дашкевіча прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобава - да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. 28 жніўня 2012 года ў Глыбоцкай калоніі Дашкевіч атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».

Фота: bnp.by

Апошнія навіны