BE RU EN

Менчукам паказлі пародыю на беларускага дыктатара

  • 14.10.2013, 21:04

«Новы рыжскі тэатр» на сцэне ДК МАЗ паказаў спектакль «Доўгае жыццё».

У 1998 годзе гэты спектакль стаў сапраўдным адкрыццём - «так проста, вытанчана, весела і сумна распавядаў яго рэжысёр Алвіс Германіс пра страчаны савецкі свет, пра настальгіі, пра тых, хто назаўсёды застаўся ў цягніку сваёй памяці, якая едзе на ўсход».

У аснове спектакля няма літаратурнага твора. Глядач становіцца падгледачом, які прытуліўся да замочнай шчыліны, каб паглядзець на чужое жыццё. Дзеянні адбываюцца ў камуналцы, дзе жывуць старыя, піша «Салiдарнасць».

Жонка аднаго з герояў сыходзіць на закупы, і ён ратуецца ад адзіноты - уключае старэнькі тэлевізар. Адсутнасць выявы не перашкаджае скрыні працаваць у рэжыме радыё. Дзед перамыкае каналы і - вось! - тэлескрыня раптам кажа голасам Лукашэнкі. Зала выбухае смехам. Пачуць хоць слова з прамовы нязменнага правадыра краіны было немагчыма. Смех заглушаў дыктатара. Здаецца, пасля некалькіх спробаў старому атрымалася пераключыць канал.

Спектакль паказалі на наступны дзень пасля рэкорду Лукашэнкі – прэс-канферэнцыі журналістам расейскіх рэгіянальных СМІ, што доўжылася пяць з паловай гадзін.

Сотні сцэн у гэтым спектаклі прыдумалі самі акторы, і Лукашэнка ў тэлевізары - адна з іх. Мяркуючы з рэакцыі залы, беларускія гледачы імправізацыю ацанілі.

Фота: «Салiдарнасць»

Апошнія навіны