BE RU EN

Гомельскага ліфцёра аштрафавалі за продаж шпіёнскага гадзінніка

  • 14.10.2013, 17:07

Жыхар Гомеля, які працуе ліфцёрам у навучальнай установе, інвалід трэцяй групы, асуджаны за збыт спецыяльных тэхнічных сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі.

Па прысудзе суда яму выпісалі штраф - 3 мільёны рублёў. Суд улічыў, што абвінавачаны раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, мае інваліднасць і цалкам прызнаў сваю віну, піша БелаПАН.

«Абвінавачаны ў сакавіку-красавіку 2013 года набыў праз кітайскую інтэрнэт-краму настольны гадзіннік з функцыяй аўдыё-, фота-, відэазапісу. Куплю ён атрымаў па пошце бандэроллю, - паведаміў намеснік пракурора Чыгуначнага раёна Гомеля Уладзіслаў Журакоўскі. - За гадзіннік мужчына заплаціў 26 даляраў. Затым даў аб'яву ў мясцовую рэкламную газету аб продажы «гадзінніка з функцыяй аўдыё-, фота-, відэазапісу». Шпіёнскі гадзіннік у гамяльчаніна набыў супрацоўнік праваахоўных органаў за 450 тысяч рублёў».

Абвінавачаны сваю віну прызнаў і патлумачыў, што часта купляў у кітайскіх інтэрнэт-крамах тавары з мэтай падзарабіць. Такім жа чынам набыў і гадзіннік, не ведаючы, што сродкі для сакрэтнага атрымання інфармацыі нельга прадаваць.

У дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 376 КК - Збыт сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі.

Апошнія навіны