BE RU EN

Калінінградскія аграрыі пакрыўдзіліся на Лукашэнку

  • 14.10.2013, 16:38

Меркаванне прадстаўнікоў калінінградскага аграбізнесу агучыў кіраўнік рэгіянальнага Міністэрства сельскай гаспадаркі Уладзімір Зарудны.

Нагадаем, падчас сваёй прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка, каментуючы забарону на ўвоз у Расею літоўскай малочнай прадукцыі, заўважыў, што сельскагаспадарчыя землі ў самым заходнім расейскім рэгіёне знаходзяцца ў запушчаным стане. «Вы ж не арэце зямлю! Гэтыя землі калісьці былі самымі лепшымі ў Савецкім Саюзе, але вы нічога не арэце», - усклікнуў Лукашэнка. І таксама заўважыў: «Не прэтэндую на тое, каб забраць заўтра ваш Калінінград, але калі б можна было, то з задавальненнем».

Уладзімір Зарудны каментаваць словы кіраўніка Беларусі не стаў, але прызнаўся, што яму «пачуць такія крыўдныя словы з вуснаў кіраўніка, хай нават іншай дзяржавы, было вельмі непрыемна», - перадае НИА Калининград.

Нагадваецца, што ў гэтым годзе Калінінградская вобласць упершыню за многія гады змагла дасягнуць рэкордных паказчыкаў у аграсектары. Напрыклад, самы заходні расейскі рэгіён заняў першыя месцы па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых.

Па інфармацыі выдання, у мінулыя выходныя Уладзімір Зарудны экстрана сустрэўся з некаторымі вядучымі сельгасвытворцамі Калінінградскай вобласці. Пра што ішла гаворка, невядома, але можна выказаць здагадку, што і пра рэпліку Лукашэнкі пра тое, што ён гатовы разараць калінінградскія палі ўласнымі сіламі, калі ўжо ў калінінградцаў не атрымліваецца. Словам, узяць у абарот Калінінградскую зямлю. Магчымасць застацца ў баку, верагодна, трывожыць мясцовых сельгасвытворцаў. Тым больш што большасць СМІ ўспрыняла словы Лукашэнкі аб тым, што Калінінградская вобласць - гэта «наша» зямля, зусім літаральна.

Апошнія навіны