BE RU EN

Прафсаюзны лідар Мазырскага НПЗ аб'яўляе галадоўку

  • 12.10.2013, 14:46

Старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) на ААТ «Мазырскі НПЗ» Юрый Швец мае намер 14 кастрычніка абвясціць галадоўку.

Так актывіст адважыўся пратэставаць супраць беззаконня, якое чыніліся адміністрацыяй прадпрыемства ў дачыненні да чальцоў незалежнага прафсаюза.

Паводле сведчання Юрыя Швеца, з 2008 года да гэтага часу з боку кіраўнікоў Мазырскага НПЗ у дачыненні да незалежнага прафсаюза і яго чальцоў здзяйсняецца бесперапынны ціск, пераслед, дыскрымінацыя, парушэнні іх канстытуцыйных, працоўных і грамадзянскіх правоў.

Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, для Юрыя Швеца паслужыла звальненне адразу пецярых сяброў незалежнага прафсаюза - работнікаў праектна-канструктарскага аддзела мужа і жонкі Генадзя і Таццяны Баброўнікаў, а таксама работнікаў цэха №12 Уладзіміра Ключнікава, Аляксея Ермака і Івана Шабана. На гэтых работнiкаў паводле наўмысна сфабрыкаваных, даведзеных да абсурду абвінавачванняў былі накладзеныя шматлікія спагнанні, якія з'явіліся падставай для таго, каб не працягваць з імі тэрміновыя працоўныя кантракты.

Лідар прафсаюза ўпэўнены, што дысцыплінарныя спагнанні, накладзеныя на гэтых работнікаў, ніякім чынам не адпавядаюць цяжару дапушчаных імі парушэнняў, а таксама супярэчаць нормам Працоўнага Кодэкса РБ. Звароты незалежнага прафсаюза ў адміністрацыю прадпрыемства, пракуратуру і суд для таго, каб абараніць сваіх чальцоў, у гэтым, як і ў многіх іншых выпадках, ні да чаго не прывялі.

Генеральны дырэктар ААТ «Мазырскі НПЗ» Анатоль Купрыянаў не жадае сустракацца з Юрыем Швецам і Радай прадстаўнікоў першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюзу для абмеркавання сітуацыі, якая склалася. Анатоль Купрыянаў таксама адмовіўся ад сустрэчы са старшынём БНП Мікалаем Зіміным і лідарам БКДП Аляксандрам Ярашуком.

У гэтай сітуацыі Юрый Швец адважыўся на адчайны крок - 14 кастрычніка ён мае намер пачаць трохдзённую галадоўку. У выпадку, калі яго патрабаванні не будуць выкананыя, ён гатовы аб'явіць бестэрміновую галадоўку.

- У мяне няма іншага выйсця, бо гаворка ідзе пра лёсы людзей. Я патрабую спыніць супрацьзаконныя дзеянні ў дачыненні да сябраў незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ. Настойваю на правядзенні поўнага і аб'ектыўнага расследавання абставінаў звальнення Генадзя і Таццяны Баброўнікаў, Уладзіміра Ключнікава, Аляксея Ермака і Івана Шабана з прыцягненнем кампетэнтных незалежных спецыялістаў. Патрабую адмены вынесеных ім дысцыплінарных спагнанняў і падаўжэння працоўных адносін на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам краіны і лакальнымі прававымі актамі, якія дзейнічаюць на прадпрыемстве, - кажа Юрый Швец.

Апошнія навіны