BE RU EN

«БелСел» блакуе сайт charter97.org

  • 11.10.2013, 20:16

Мабільны аператар «БелСел» блакуе доступ да незалежных інфармацыйных сайтаў.

Для таго, каб зняць абмежаванне, трэба патэлефанаваць у службу падтрымкі. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў журналіст Мікіта Броўка.

«Я карыстаюся «БелСел» ужо паўтара года і не першы раз сутыкаюся з такой праблемай. Кожны раз блакаваліся незалежныя сайты. Пісаў лісты ў службу падтрымкі, пагражаў судом - праблема развязвалася хутка. Думаю, аператары робяць гэта не наўмысна, а ў іх на змаўчанне блакуюцца тыя ж сайты, што і ў дзяржаўных структурах», - мяркуе ён.

Журналісты накіравалі афіцыйны запыт у кіраўніцтва арганізацыі з просьбай пракаментаваць блакаванне, але адказ не атрымалі. У прыёмнай адміністрацыі «БелСел» паведамілі, што каментароў не даюць, а кіраўніцтва вельмі занятае.

Праблему развязала супрацоўніца службы падтрымкі. Яна запісала нумар рахунку і праз некаторы час паведаміла, што доступ да незалежных сайтаў будзе адамкнуты.

Галоўны рэдактар charter97.org Наталля Радзіна ведае, што сайт блакуецца і ставіцца да гэтага спакойна.

«Зразумела, чаму блакуюць сайт charter97.org. Улады баяцца непадцэнзурнай інфармацыі і выкарыстоўваюць да нас самыя розныя захады: і ператрусы, і забойствы, і арышты, і канфіскацыя тэхнікі. Наш сайт сёння блакуюць на ўзроўні асобных правайдэраў і ўнеслі ў розныя «чорныя спісы». Мы вымушаныя працаваць з-за мяжы», - сказала яна.

Інфармацыя аб блакаванні аператарам «БелСел» незалежных сайтаў з'явілася яшчэ ў студзені 2012 года. Сярод пацярпелых быў салігорскі актывіст Іван Шыла, але пасля неаднаразовых скаргаў абмежаванні былі знятыя. Тады кіраўніцтва кампаніі абгрунтавала фільтрацыю «тэхнічнымі памылкамі ў сувязі з навізной сэрвісу».

Начальнік камерцыйнай управы ТАА СП «БелСел» Віталь Лісоўскі пацвердзіў, што былі выпадкі блакавання асобных сайтаў, але яно здымалася на першае патрабаванне карыстальнікаў.

6 студзеня 2012 года ўвайшлі ў дзеянне папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія тычацца адказнасці за парушэнні ў сферы выкарыстання інтэрнэту. Фільтраванне пэўных сайтаў становіцца абавязковай для дзяржаўных органаў і ўстаноў адукацыі. Абмежаванні для прыватных карыстальнікаў могуць быць уведзеныя толькі на жаданне самога карыстальніка. Такім чынам, самавольнае блакаванне сайтаў правайдэрам з'яўляецца незаконным.

Апошнія навіны