BE RU EN

Зміцер Балкунец: Лукашэнка пабаяўся запрашаць вядучыя СМІ Расеі

  • 11.10.2013, 16:56

Заявы, якія прагучалі сёння, кіраўнік не стаў бы агучваць перад журналістамі буйных расейскіх СМІ.

Так палітолаг Зміцер Балкунец пракаментаваў сайту charter97.org заяву Лукашэнкі аб тым, што Беларусь выйдзе з МС.

«Беларуская эканоміка вельмі моцна залежыць ад расейскіх энерганосьбітаў. Калі паглядзець на яе структуру, то мы ўбачым, што каля 40-50% экспарту прыпадае на прадукты нафтаперапрацоўкі, якія ідуць у Еўропу. Адпаведна, Беларусь атрымлівае расейскую нафту на льготных умовах. Па маіх ацэнках, за мінулы год толькі на адной льготнай нафце Беларусь зэканоміла каля 8 мільярдаў даляраў. Лукашэнка ў дадзены момант спрабуе зноў атрымаць нейкія прэферэнцыі з боку Расейскай Федэрацыі, таму што беларуская эканоміка не з'яўляецца збалансаванай. Ён займаецца чыстым папулізмам і спрабуе неабгрунтавана падвышаць заробкі. Вядома, гэта адбіваецца на рэнтабельнасці і эфектыўнасці беларускіх прадпрыемстваў, і ў выніку Беларусі бракуе валюты для таго, каб гасіць пазыкі і выплачваць людзям зарплаты і гэтак далей», - адзначыў эксперт.

Палітолаг падкрэсліў, што кожны раз Беларусь наступае на адны і тыя ж граблі ў выглядзе дэвальвацыі і затавараных складоў.

«І Лукашэнка ў дадзеным выпадку спрабуе закрыць гэтую дзірку ў эканоміцы за кошт РФ і таму спрабуе выціснуць з яе максімум. Хоць мне здаецца, што палітыка тут зусім няправільная, і Беларусь павінна самастойна спрабаваць знаходзіць напрамкі ў эканоміцы, якія будуць дазваляць сыходзіць ад такой вялікай залежнасці Расеі. Але Лукашэнка - палітык мінулага для мяне і думаю, для большасці жыхароў Беларусі. Гэта чалавек, які да гэтага часу жыве ў савецкай эпосе і думае катэгорыямі індустрыялізацыі. Рэчы, звязаныя з нейкімі сучаснымі эканамічнымі ўкладамі, для яго не ўласцівыя і не характэрныя», - працягнуў Зміцер Балкунец.

Эксперт лічыць, што далейшыя адносіны з Расеяй будуць развівацца ў гэтым трэндзе .

«І Расея таксама павінна разумець і, напэўна, добра разумее, што праект Еўразійскага саюза можа спасцігнуць доля, якая спасцігла так званую саюзную дзяржаву. Словы Лукашэнкі пра выхад Беларусі з Мытнага саюза - гэта чыста папулісцкая заява і шантаж. Трэба разумець, што прыехала рэгіянальная расейская прэса, а не вядучыя расейскія СМІ, таму што ён баіцца даваць інтэрв'ю расейскім федэральным медыя, ведаючы, што яны пакажуць усё без цэнзуры. А тут СМІ прыкормлены, і калі яны нешта не так напішуць, то ў наступны раз іх не паклічуць і не падораць тэлевізар «Гарызонт». Так што ніякага выхаду Беларусі з МС не будзе, бо беларуская эканоміка вельмі моцна завязаная на Расеі», - упэўнены Зміцер Балкунец.

Палітолаг мяркуе, што праблема з Уладзіславам Баўмгертнерам і Сулейманам Керымавым не вырашаная таму, што Лукашэнка хоча зарабіць на гэтым грошай.

«Беларускія ўлады не гатовыя проста так ўзяць і адпусціць чалавека, таму што ў выніку яны будуць вымушаныя прызнаць сваю паразу, а паразау прызнаваць яны не збіраюцца. Таму відавочна, што яны будуць спрабаваць атрымаць у дадзеным выпадку пакрыццё, як яны лічаць, страт. Але я думаю, што Расея не будзе ісці на повадзе ў Менска, таму што ў адваротным выпадку гэты працэс можа быць пастаўлены на паток: сёння захапілі Баўмгертнера, заўтра захопяць Іванова, Пятрова, Сідарава і будуць патрабаваць нейкую кампенсацыю», - падсумаваў эксперт.

Нагадаем, падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі расейскім СМІ беларускі дыктатар заявіў, што разлічвае на адмену з 1 студзеня 2014 года спагнання з рэспублікі пошлін за экспарт нафтапрадуктаў з расейскай нафты і заяўляе, што ў адваротным выпадку Беларусь «не пацягне» далейшы ўдзел у Мытным саюзе.

Апошнія навіны