BE RU EN

Кіраўнік МЗС Літвы сустрэнецца з Лукашэнкам?

  • 10.10.2013, 15:07

Сустрэча Лінаса Лінкявічуса з беларускім дыктатарам можа адбыцца ў кастрычніку.

Пра гэта паведаміў літоўскі прэм'ер Альгірдас Буткявічус, удакладніўшы, што ў сераду было атрымана пацверджанне аб яе магчымасці, піша «Інтэрфакс».

«Толькі ўчора мы атрымалі такі першы добры сігнал, што міністр Лінкявічус у гэтым месяцы сустрэнецца з прэзідэнтам Беларусі Лукашэнкам», - сказаў літоўскі прэм'ер у чацвер на «ўрадавай гадзіне» ў сойме.

Дадзеныя выказванні кіраўніка ўрада Літвы прагучалі падчас адказу на пытанне прадстаўніка партыі «Парадак і справядлівасць» Альгімантаса Думбравы аб тым, калі пачне дзейнічаць падпісаная Літвой і Беларуссю дамова аб малым памежным руху.

Па словах Буткявічуса, з нагоды дадзенай дамовы некалькі разоў былі накіраваныя запыты Беларусі. Ён выказаў надзею, што сустрэча Лінкявічуса і Лукашэнкі ссуне гэтае пытанне з мёртвай кропкі.

Літва і Беларусь ў кастрычніку 2010 года падпісалі пагадненне аб спрошчаным перасячэнні мяжы для жыхароў прымежных тэрыторый. У лютым 2011 года яно было ратыфікавана. Згодна з дакументам, у раёнах, якія знаходзяцца на адлегласці да 50 км ад мяжы, жыхары змогуць перамяшчацца на падставе спецыяльных дазволаў. Дазволы будуць выдавацца пастаянным жыхарам прымежных тэрыторый, якія дакажуць абгрунтаванасць эканамічных, гандлёвых, культурных і іншых важных прычын наведаць памежную тэрыторыю іншай дзяржавы.

У дамоўныя тэрыторыі з літоўскага боку трапляюць Вільня, Ігналіна, Варэна, Друскінінкай, з беларускага боку - Гродна, Ліда, Ашмяны.

На беларускім баку спрошчаным рэжымам перасячэння мяжы тэарэтычна зможа скарыстацца каля 600 тысяч жыхароў, на літоўскім - каля 800 тысяч.

Нагадаем, Лукашэнку і некалькім сотням беларускіх чыноўнікаў і алігархаў забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Звяза з-за рэпрэсій супраць апазіцыі.

Апошнія навіны