BE RU EN

Украіна пагражае цалкам адмовіцца ад расейскага газу

  • 10.10.2013, 13:21

Украіна можа на некалькі бліжэйшых гадоў цалкам адмовіцца ад закупак газу ў Расеі.

Такое рашэнне будзе прынята, калі дзейны кантракт «Нафтагаза» і «Газпрама» не будзе перагледжаны. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў, перадае РІА Новости. Калі сітуацыя не зменіцца, адзначыў ён, то ў перспектыве паўднёвы сусед Беларусі пачне пераходзіць на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

«Пры такім кошце на газ мы скарачалі і будзем скарачаць (спажыванне імпарту газу), а ў перспектыве, і гэта не пустыя словы, Украіна наогул адмовіцца ад закупак газу па такім кошце... Ну бліжэйшыя дзесяць гадоў - гэта нават шмат. Я думаю, мы рэалізуем гэтую задачу пры такіх тэмпах павышэння энергаэфектыўнасці, скарачэння аб'ёмаў спажывання газу, пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы, увядзення ў эксплуатацыю сваіх уласных радовішчаў газу, павелічэння здабычы газу, я думаю, значна хутчэй», - сказаў Мікалай Азараў.

Таксама прэм'ер-міністр Украіны дадаў, што Кіеў гатовы даказваць абсурднасць дзейнага газавага кантракту паміж «Нафтагазам» і «Газпрамам» у выпадку, калі расейскі газавы холдынг падасць на Кіеў у суд за невыкананне дамовы.

«Калі Расея лічыць, што мы чымсьці яго (кантракт) парушылі, то няхай яна звяртаецца ў суд. І вось там мы будзем даказваць, што гэты кантракт - нонсэнс для міжнароднага права, што ён абсалютна абсурдны», - сказаў Азараў.

Пры гэтым прэм'ер адзначыў, што кантракт складзены такім чынам, што выйсці з яго ў аднабаковым парадку Украіна не можа.

Апошнія навіны