BE RU EN

ДАІ Менска будзе рассылаць «лісты шчасця»

  • 1.10.2013, 21:31

На Партызанскім праспекце ўстаноўленыя дзве стацыянарныя камеры фіксацыі хуткасці.

Яны пачнуць паўнавартасную працу заўтра, 2 кастрычніка, паведамляе прэс-служба УДАІ ГУУС Менгарвыканкама.

Камеры ўстаноўленыя на выездзе з Менска на трасу М4 «Менск-Магілёў», насупраць гіпермаркета ProStore. У мінулым месяцы яны функцыянавалі ў тэставым рэжыме, піша «Інтэрфакс».

Дазволеная хуткасць руху аўтамабіляў на гэтай дзялянцы складае 60 км/г. Парушальнікі хуткаснага рэжыму з гэтага часу будуць станавіцца ўладальнікамі «лістоў шчасця» - паведамленняў з патрабаваннем аплаціць штраф.

У сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі ўдакладняюць, што дзве камеры на Партызанскім праспекце, акрамя перавышэння кіроўцамі ўстаноўленай хуткасці руху, будуць фіксаваць таксама парушэнні правілаў манеўравання, прыпынкі і стаянкі, а таксама праезд на забараняльны чырвоны сігнал святлафора.

На думку ДАІ, комплексы фотафіксацыі на МКАД дысцыплінуюць кіроўцаў: тыя зніжаюць хуткасць, а гэта станоўча адбіваецца на дарожнай сітуацыі. Таму ўкараненне такіх прылад у беларускай сталіцы будзе прадоўжана і надалей.

Апошнія навіны