BE RU EN

У Баранавічах пікетавалі супраць карупцыі чыноўнікаў

  • 1.10.2013, 13:06

Арганізатарам выступіў грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус, які трымаў у руках плакат «Уральскіх жулікаў ловяць, а свае адпачываюць на Канарах».

Пра гэта піша ПЦ «Вясна».

Вось ужо шмат гадоў Мікалай Чарнавус змагаецца з мясцовымі чыноўнікамі, якія, на яго думку, займаюцца незаконнай фінансавай дзейнасцю.

- Пры падтрымцы мясцовых начальнікаў дырэктар фірмы «ралеты - мантаж» Аляксей Драздоўскі ўзяў з прадпрымальнікаў Баранавіцкага кааператыўнага рынку вялікія грошы за ўсталёўку ралетных боксаў. Грошы яны ў нас узялі, але сваю працу не выканалі. Я неаднаразова пісаў пра гэта ў гарвыканкам, аблвыканкам, пракуратуру, суд, інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах. Але ўсе чыноўнікі мне паведамляюць, што ў прадпрымальнікаў грошы проста пазычылі. А калі іх аддадуць або выканаюць працу па дамоўленасці, то гэтага ніхто не ведае і не хоча адказаць, - паведаміў Мікалай Чарнавус.

На працягу доўгага часу грамадскі актывіст імкнецца дамагчыся ў дзяржаўных структурах аб'ектыўнага разгляду гэтай справы, але безвынікова. Таму Мікалай Чарнавус і вырашыў арганізаваць пікет супраць карупцыі мясцовых чыноўнікаў, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы.

Пікет актывіста прайшоў у старым парку горада з боку вуліцы Камсамольскай і доўжыўся каля гадзіны.

Апошнія навіны