BE RU EN

Кім Чэн Ын на свой дзень нараджэння падарыў дзецям па кілаграме цукерак

  • 7.01.2013, 14:57

Лідэр КНДР Кім Чэн Ын у адпаведнасці з традыцыяй, закладзенай яго дзедам Кім Ір Сэнам, з нагоды свайго дня нараджэння разаслаў усім дзецям краіны па кілаграме цукерак.

Пра гэта паведамляе ў панядзелак агенцтва Yonhap са спасылкай на паўночнакарэйскія СМІ.

Прысмакі былі дастаўленыя самалётамі ўсім дзецям ва ўзросце да 10 гадоў. Паводле звестак дзяржаўнага радыё Паўночнай Карэі, жыхары краіны «сустракалі самалёты з захапленнем», перадае NEWSru.com.

Аналітыкі Інстытута эканамічных даследаванняў Сеула лічаць, што такімі жэстамі Кім Чэн Ын падтрымлівае імідж «шчодрага і клапатлівага лідэра краіны» і ўмацоўвае «культ асобы».

Традыцыю дарыць дзецям цукеркі ў гонар дня нараджэння лідэра краіны заклаў у 1980 годзе Кім Ір Сэн. Раней гэтая дата з'яўлялася ў Паўночнай Карэі дзяржаўным святам. Аднак дзень нараджэння Кім Чэн Ына, 8 студзеня, такога статусу да гэтага часу не атрымаў.

Пакуль нават год нараджэння лідэра КНДР выклікае спрэчкі. Афіцыйны Пхеньян заявіў, што правадыр нарадзіўся ў 1982 годзе. Аднак, па іншых звестках, гэта адбылося на год ці нават два гады пазней.

Апошнія навіны