Лукашэнку выдалілі з пляцоўкі за атаку спаборніка
- 5.01.2013, 11:11
У Менску распачаўся Калядны міжнародны турнір аматараў хакея.
Беларускі правадыр выйшаў на пляцоўку ў чорным шаломе, піша «Салідарнасць».
Традыцыйны турнір адкрыўся ўвечары 4 студзеня ў Палацы спорту матчам Беларусі супраць Швейцарыі. Гаспадары пляцоўкі прадказальна распляжылі спаборнікаў - 11:4.
Лік ужо на 2-й хвіліне распачаў Аляксандр Лукашэнка, які яшчэ раз патрапіў у браму спаборніка на 22-й хвіліне.
Як пішуць на форуме «Прессбола», падчас двубою Лукашэнка быў таксама выдалены з пляцоўкі - за атаку спаборніка, які не валодае шайбай.
- Гэта былі самыя спакойныя 2 хвіліны ў гісторыі суверэннай Беларусі, - жартуюць заўзятары.
Характэрна, што дыктатар гуляў у чорным шаломе, тады як ягоныя партнёры былі ў традыцыйных чырвоных.
Стаўленне беларускіх заўзятараў да спаборніцтваў вядомае. Два гады таму аб'яву аб прэзідэнцкім калядным турніры аматары хакея на «Мінск-Арэне» асвісталі.
Год таму каманда правадыра парушыла правілы спаборніцтваў. У турніры, які называюць «неафіцыйным чэмпіянатам свету сярод аматараў», у камандзе Лукашэнкі налічылі адразу 9 дзейных хакеістаў.
Ва ўчорашнім двубоі закінутай шайбай, у прыватнасці, вызначыўся форвард «Гомеля» Арцём Сянькевіч.