BE RU EN

Мясніковіч прапануе Расеі стварыць пяць ТНК

  • 31.01.2013, 11:27

Урад Беларусі прапануе Расеі рэалізаваць супольныя праекты для стварэння пяці беларуска-расейскіх транснацыянальных карпарацый.

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы» Грыгорыем Рапотам у чацвер у Менску, піша «Інтэрфакс».

«Нас чакае вялікая праца, у снежні мы дамовіліся з Дзмітрыем Мядзведзевым аб тым, што зробім пяць супольных праектаў, якія дадуць пачатак стварэнню беларуска-расейскіх ТНК», - сказаў Мясніковіч.

Беларускі прэм'ер падкрэсліў, што рэалізацыя супольных праектаў у эканоміцы з'яўляецца адказам на пытанне аб далейшых перспектывах існавання «саюзнай дзяржавы». «У нас ва ўрадзе апошнім часам пазітыўна ацэньваюць актывізацыю саюзнага будаўніцтва. Інтэграцыйныя працэсы ідуць не на паперы - рэалізуюцца пэўныя праекты. Гэта адказ на пытанне, што далей рабіць у саюзных стасунках», - сказаў Мясніковіч.

Паводле ягоных слоў, «гэтыя праекты сёння рэалізуюцца ў прамысловасці, машынабудаванні, біятэхналогіях, энергетыцы, навуцы, адукацыі». «Галоўнае, што гэтыя праекты робяцца на будучыню», - адзначыў прэм'ер. Мясніковіч сказаў, што прапанаваныя расейскай старане праекты разгледжаныя на прэзідыуме Савета Міністраў Беларусі. «Гэта значныя праекты, і ёсць прапановы ўсім структурам «саюзнай дзяржавы» ўключыцца ў іх рэалізацыю», - сказаў прэм'ер-міністр.

Рапота ў сваю чаргу падкрэсліў высокую зацікаўленасць «саюзных» структур у рэалізацыі гэтых праектаў. «Адразу пасля «саюзнага» Саўміна (у снежні 2012 года - ІФ) мы ўключыліся ў гэту работу», - заявіў Рапота. Паводле ягоных слоў, напярэдадні ён правёў сустрэчу з першым віцэ-прэм'ерам беларускага ўрада Уладзімірам Сямашкам, дзе асноўны час быў прысвечаны гэтай тэме.

Апошнія навіны