BE RU EN

Пашпарт паплечніку Бакіева выдаў Першамайскі РУУС Менска

  • 30.01.2013, 16:38

Пра гэта заявіла Міністэрства ўнутраных спраў Кыргызстана.

Пайзулабэк Рахманаў карыстаўся пашпартам на імя грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Пазылы Ташбаева, выдадзенага Першамайскім РУУС беларускай сталіцы. Пры гэтым у пашпарт быў ўклеены сапраўдны фотаздымак, і ўвогуле, аўтэнтычнасць пашпарту кіргізскімі праваахоўнікамі пад сумнеў ня ставіцца, паведамляе «Радыё Свабода».

Нагадаем, Рахманаў быў затрыманы ў чэрвені мінулага года на тэрыторыі Джамбульскай вобласці Казахстана, пры затрыманні ён прад'явіў пашпарт грамадзяніна Беларусі. У Беларусі цяпер пражывае былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбэк Бакіеў са сваёй сям'ёй. Ён хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яго абвінавачваюць у забойстве кіраўніка сваёй адміністрацыі. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбэку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў 2012 годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў у прадмесці Менска.

Як паведамляецца, Рахманаў змешчаны ў следчы ізалятар Бішкека, крымінальную справу ў дачыненні да яго расследуе Дзяржкамітэт нацыянальнай бяспекі Кыргызстана.

Экс-чыноўнік з'яўляецца выхадцам Джалал-Абадскай вобласці, што на поўдні Кыргызстана, скуль і былы прэзідэнт Бакіеў. У перыяд з 2005 да 2010 Рахманаў займаў розныя дзяржаўныя пасады і ўваходзіў у набліжанае кола экс-кіраўніка дзяржавы.

Пасля змены ўлады ў Кыргызстане Рахманаў разам з паплечнікамі былога прэзідэнта спрабаваў у Джалал-Абадзе супрацьстаяць новым уладам, кароткі час быў губернатарам Джалал-Абадскай вобласці, але ў траўні 2010 года падчас сутыкненняў быў зняты са сваёй пасады. Пасля гэтага ён пакінуў тэрыторыю Кыргызстана і быў аб'яўлены ў вышук.

Апошнія навіны