BE RU EN

«Белсат» падарыў Давыдзьку спадарожнікавую антэну

  • 30.01.2013, 13:55

Супрацоўнікі тэлеканала «Белсат» перадалі спадарожнікавую антэну для генеральнага дырэктара БТ Генадзя Давыдзькі.

Прадстаўнік тэлеканала Міхаіл Янчук сказаў журналістам, што падарыць Давыдзьку магчымасць глядзець польскі тэлеканал яны наважылі пасля ягонага выступу ў Інстытуце журналістыкі БДУ на мінулым тыдні, піша БелаПАН.

«Мы даведаліся, што кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі не мае магчымасці глядзець наш канал, - сказаў Янчук. - Але пры гэтым ён асуджае канал за яго дзейнасць. Таму, каб ягоныя словы не былі неабгрунтаванымі, мы наважылі сёння ўручыць яму талерку, каб ён зрэдку мог глядзець наш канал і сфармаваць аб ім сваё аб'ектыўнае меркаванне».

Янчук працытаваў словы Давыдзькі з ягонага выступлення перад студэнтамі-журналістамі: «Калі чалавек прапагандуе і падтрымлівае ідэі, за якія больш заплацяць, як асоба, а можа, і як фізічнае цела, чалавек доўга не пражыве, таму што ўнутраны разрыў паміж любоўю і патрэбай - гэта духоўная прастытуцыя, страшней нічога не бывае».

«Я хацеў бы, каб наша талерка стала першым крокам да ліквідацыі гэтага разрыву», - адзначыў Янчук.

Адказваючы на пытанне, ці не будзе такі падарунак уважацца за замежную інвестыцыю у развіццё БТ, Янчук выказаў надзею, што кошт спадарожнікавай талеркі і рэсівера не перавысіць грашовага ліміту, на суму якога можна прымаць падарункі беларускім чыноўнікам.

Пасля таго як абсталяванне было пакінутае ў будынку БТ, Янчук выказаў надзею, што «з часам беларуская дзяржаўная тэлевізія ператворыцца ў беларускую грамадскую тэлевізію, якая будзе служыць інтарэсам не толькі адной сям'і або вузкіх ўладных колаў, а ўсяму народу».

«Гэта будзе тэлевізія, якая не будзе хлусіць свайму народу, пра якую не будуць распавядаць анекдоты: «Хачу жыць у краіне, якую паказваюць на БТ». Калі з наступнага выступу Давыдзькі мы даведаемся, што ён будзе крытыкаваць Белсат аб'ектыўна, то тады можна казаць, што акцыя скончылася паспяхова», - падсумаваў прадстаўнік тэлеканала.

Апошнія навіны