BE RU EN

Фядыніч: Пратэставаць супраць прыгоннага права павінны рабочыя

  • 3.01.2013, 17:19

Каб патрабаванне расейскіх прафсаюзаў паўплывала на ўлады Беларусі, яно павінна быць падмацавана меркаваннем рабочых, лічыць прафсаюзны лідэр.

«У расейскіх прафсаюзаў ёсць асцярога, як бы наша кантрактная сістэма і дэкрэт №9 не перайшлі да іх. Але для нас лепш мець не проста пункт гледжання Міхаіла Шмакава і Барыса Краўчанкі, а пункт гледжання расейскіх працоўных калектываў, гэта было б больш сур'ёзна», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

Па словах прафсаюзнага лідэра, сур'ёзная падтрымка - гэта падтрымка менавіта рабочых.

«Cделайте заяву ад імя дзесяткаў арганізацый, краін - гэта добра. Але калі б яны правялі працу і гэты пункт гледжання падтрымаў бы расейскі працоўны люд, вось гэта было б сур'ёзнай падтрымкай».

Генадзь Фядыніч сумняваецца ў тым, што прафсаюзныя арганізацыі змогуць дамагчыся санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі:

«З аднаго боку, улады Беларусі ўжо прыстасаваліся да санкцый па гандлёвых прэферэнцыях. Санкцыі заўсёды могуць быць - могуць быць і жорсткія, але механізм іх прыняцця досыць складаны. І тое, што было аднойчы ў Бірме, у Беларусі паўтарыць будзе вельмі складана. Ёсць расейскае, кітайскае, кубінскае лобі і лобі іншых краін. Яно будзе існаваць, у тым ліку і ў МАК.

Пытанне санкцыяў можа падняць той жа Шмакаў, але санкцыі прымаюць тры бакі, а не адзін. І апошняе слова за Еўразвязам. Гэта досыць доўгая песня, улічваючы шматграннасць чыноўніцкага апарату ЕЗ і як ён рэагуе - па-эстонску. Яго рэакцыя зацягваецца, праходзіць час і яна нівеліруецца і асаблівых вынікаў мы не адчуваем».

Ініцыятыва расейскіх прафсаюзаў можа проста заглухнуць, лічыць прафсаюзны лідэр:

«Я баюся, што ініцыятыва Шмакава і Краўчанкі не будзе мець развіцця, яна можа проста заглухнуць. А вось калі яна патрымаецца знізу, то яна пойдзе па нарастаючай і будзе мець поспех».

Нагадаем, сёння прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка выступіў супраць дэкрэта «аб прыгонным праве» ў Беларусі. Яшчэ раней ад імя Усееўрапейскай рэгіянальнай рады Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў прэзідэнт УЕРР Міхаіл Шмакаў звярнуўся да Лукашэнкі з патрабаваннем адмяніць дэкрэт, які ўводзіць у краіне прымусовую працу.

Апошнія навіны