BE RU EN

Мінпрам жаліцца на фінансавы голад

  • 29.01.2013, 16:27

У міністэрстве прамысловасці асцерагаюцца за выкананне падпарадкаванымі прадпрыемствамі заданняў мадэрнізацыі вытворчасцяў праз нястачу ў іх фінансавых рэсурсаў.

"У 2013 годзе перад прадпрыемствам Мінпрама пастаўленая задача рэалізаваць цэлы шэраг інвестыцыйных праектаў для мадэрнізацыі і стварэння новых экспартаарыентаваных вытворчасцяў на дзейных прадпрыемствах і выканаць 103 інавацыйныя праекты, якія прадугледжаныя дзяржпраграмамі на перыяд да канца 2015 года", - паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у Мінпраме.

Са слоў спецыялістаў, у цэлым у міністэрстве плануецца рэалізаваць 173 інвестпраекты. Акрамя таго, у 2013 годзе ў міністэрстве разлічваюць на старт 35 інвестпраектаў, якія будуць ладзіцца з прывабліваннем простых замежных інвестыцый (ПЗІ). Збольшага гэта будуць праекты ў машынабудаванні і металургіі.

Між тым, планы мадэрнізацыі прадпрыемстваў і рэалізацыі імі праграмных інвестпраектаў выклікаюць пытанні ў кіраўніцтва міністэрства.

Так, у канцы студзені 2013 міністр прамысловасці рэспублікі Дзмітрый Кацярыніч, наведваючы прадпрыемствы ў Віцебскай вобласці, заявіў аб сваёй устурбаванасці выкананнем гэтых задач.

Як паведамілі ў Мінпраме, Кацярыніч адзначыў, што ў праектах мадэрнізацыі, якія былі пададзеныя ў міністэрства для зацвярджэння, фармальна ўлічаныя ўсе патрабаванні ўрада. "Усе дырэктары распрацавалі праграмы, у якіх заклалі і прыбытак, і валавую дададзеную вартасць і атрымалі патрэбныя ўзгадненні. Фармальна ўсё адпавядае. Аднак сумы інвестыцый у гэтыя праекты закладзеныя з ростам 10-15% да ўзроўню 2012 года, а гэта недастаткова", - падалі ў міністэрстве выказванні кіраўніка міністэрства.

"Гэта сведчыць аб тым, што сур'ёзнай мадэрнізацыі не будзе праводзіцца. Ёсць спроба звесці ўсё да кампанейшчыны. Рэальных праектаў няма. Глабальнага добрага прадукту прадпрыемствы прапанаваць не могуць. Нельга выйсці на ўзровень сусветных стандартаў з малым фінансаваннем на мадэрнізацыю", - мяркуе Кацярыніч.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў цэлага шэрагу прадпрыемстваў пасля крызісу 2011 абвастрыўся дэфіцыт уласных сродкаў, што абцяжарвае капіталаўкладанні на мадэрнізацыю абсталявання і закупку сучасных тэхналогій. Пры гэтым Кацярыніч адзначыў, што суб'ектам гаспадарання ў варунках узмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі цяжка браць крэдыты дзеля дарагоўлі.

Апошнія навіны