BE RU EN

Магілёўскі ідэолаг прыпісаў вяртанне гістарычных кніг уладам

  • 29.01.2013, 15:05

Гаворка ідзе пра Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года і «Вялікае мастацтва артылерыі 1676» Казіміра Семяновіча.

У інтэрв'ю газеце «Веснік Магілёва» намеснік старшыні магілёўскага гарвыканкама Мікалай Міхаленя, адказны за ідэалогію ў горадзе, падвёў вынікі працы і дасягненняў у галіне культуры і сацыяльнай сферы ў 2012 годзе.

У кантэксце размовы ён паведаміў, што за кошт спонсарскіх сродкаў і добраахвотных ахвяраванняў грамадзян быў выкуплены Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года і кніга Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» 1676.

Пры гэтым пра ініцыятараў кампаніі ў пошуку і зборы сродкаў на выкуп каштоўных выданняў - менскага студэнта Андрэя Радкова і дырэктара музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова - ён не сказаў ні слова.

Падчас акцыі мясцовыя ўлады самаўхіліліся ад кампаніі пошуку сродкаў для выкупу рарытэтных выданняў. Яны і не дапамагалі ў зборы грошай, і не заміналі.

Мікалай Міхаленя вядомы ў Магілёве тым, што дазволіў правядзенне ў горадзе фашысцкага «Славянскага маршу», у якім прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў прыхільнікаў ідэі панславянізма.

Як паведамляў сайт charter97.org, для выкупу Статута ВКЛ было сабрана 45 тысяч даляраў, а на кнігу Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» - 8 тысяч даляраў. У параўнанні з праведзенай актывістамі кампаніяй збору сродкаў для выкупу кніг усе дасягненні мясцовага гарвыканкама ў галіне культуры ў 2012 годзе выглядаюць проста мізэрнымі.

Апошнія навіны