BE RU EN

Магілёў адзначае гадавіну Магдэбургскага права

  • 29.01.2013, 9:54

28 студзеня ў Магілёве прайшла святочная вечарына, прымеркаваная да 436-й гадавіны набыцця горадам Магдэбургскага права.

"Атрыманне Магілёвам Магдэбургскага права - гэта была найвялікшая дата ў гісторыі горада. Яна павінна стаць для яго святочнай. Раней Магілёў быў паселішчам, затым стаў местам. Мы павінны памятаць слаўныя старонкі нашай гісторыі", - заявіў БелаПАН кіраўнік грамадскай ініцыятывы "Грамадскі магістрат" , які выступіў арганізатарам мерапрыемства, Аляксандр Сілкоў.

За некалькі дзён да імпрэзы "Грамадскі магістрат" вызначыў "Чалавека 2012 года" і "Падзею 2012 года" ў Магілёве. У першай намінацыі ўзнагародай быў уганараваны праваабаронца Барыс Бухель. "Для мяне гэта было нечакана, дзякую. Я стараюся, працую, увесь час суды, абарона людзей, якія рэгулярна звяртаюцца", - сказаў Бухель пасля атрымання граматы ад "Грамадкага магістрата" і падарункаў ад кампаніі "Будзьма беларусамі". Ён дадаў, што адзін бы працаваць не здолеў. "Аднаму было б немагчыма - ні выжыць, ні працаваць. Хтосьці тэхнічна, хтосьці кампутарамі, хтосьці аўтамабілем, хтосьці парадай дапамагае, калі ўзнікаюць праблемы", - адзначыў Бухель.

"Падзеяй года" паводле версіі "Грамадскага магістрата" ў Магілёве стала набыццё Музеем гісторыі Статута ВКЛ. "Галоўнае - гэта не граматы і падарункі, галоўнае - надалей працаваць і рабіць добрыя справы. Я бачу поўную адпаведнасць падзеі гэтай узнагародзе, таму што падзея адбылася дзякуючы грамадскім дзеянняў, грамадскім ахвяраванням. Грамадскасць прызнала, што яна зрабіла годную справу", - заявіў дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў пасля ўзнагароджання граматай і падарункамі.

Таксама падарункі атрымалі тры чалавекі, якія напісалі найбольш цікавыя эсэ пра будучыню Магілёва. Пасля адбыўся канцэрт вядомага музыкі Зміцера Вайцюшкевіча, які павіншаваў магілёўцаў са значнай для іх датай.

Апошнія навіны