BE RU EN

Камітэт ААН чакае адказу ад беларускіх уладаў

  • 27.01.2013, 13:48

Беларусь павінна падаць ААН інфармацыю аб разглядзе скаргі адносна справы Уладзіслава Кавалёва.

Пра гэта заявіў праваабаронца Раман Кісляк. Урад Беларусі да 3 ліпеня павінен падаць у Камітэт ААН правоў чалавека інфармацыю аб прынятых захадах паводле вынікаў разгляду скаргі ў справе Уладзіслава Кавалёва, паведамляе «Радыё Рацыя».

«Любоў Кавалёва атрымала пастанову, дакладней, афіцыйны пераклад пастановы на рускую мову. Таксама стала вядома, што гэты пераклад быў накіраваны 3 студзеня гэтага года ўладам Беларусі. З гэтага моманту пачынаецца адлічэнне тэрміну (180 дзён) для прыняцця захадаў для выпраўлення гэтай сітуацыі. 180 дзён скончацца 3 ліпеня 2013 года. Камітэт ААН чакае ад уладаў Беларусі інфармацыі аб прынятых захадах. Мы заклікаем прыняць гэтыя захады, каб такія парушэнні ў Беларусі больш не здараліся», - кажа праваабаронца.

Скарга маці Уладзіслава Кавалёва і ягонай сястры была зарэгістраваная ў Камітэце ААН правоў чалавек 15 снежня 2011 года і разгледжаная 29 кастрычніка 2012. Уладзіслаў Кавалёў быў пакараны пасля таго, як Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым у саўдзеле ў тэрарызме разам з асуджаным за тэракт у менскім метро 11 красавіка 2011 года Дзмітрыем Канавалавым. Абодва былі расстраляныя. Цела сына Любові Кавалёвай беларускія ўлады не выдаюць.

Апошнія навіны