BE RU EN

Deutsche Welle: Улады не здолеюць перамагчы ценевы бізнэс

  • 27.01.2013, 10:42

Спроба ўзяць пад кантроль ценевы бізнэс фізічных асоб выглядае як чарговая кампанія запалохвання ад міністэрства падаткаў і збораў.

Але куды большы эфэкт для павелічэння падатковых паступленняў магла б прынесці свабода развіцця прадпрымальніцтва і лібэралізацыя эканомікі, а не чарговае напінанне лейцаў, перадае Deutsche Welle.

Мільён «ухілістаў»

Выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак, якое Белстат правёў у 2012 годзе з мэтай вывучэння рынку працы, паказала, што немалая колькасць беларусаў нідзе не працуюць, не плацяць падаткі, але пры гэтым з'яўляюцца ўладальнікамі катэджаў, кватэр і дарагіх аўтамабіляў.

Такіх «заможных» няплатнікаў падаткаў, занятых толькі ў прымежным ценевым бізнэсе, пракуратура Гарадзенскай вобласці выявіла 18 тысяч чалавек. Усяго ж у Гарадзенскім рэгіёне з мільённым насельніцтвам непрацоўнымі лічацца каля 80 тысяч чалавек працаздольнага ўзросту. А ва ўсёй краіне больш за мільён грамадзян існуюць на ценевыя даходы, у тым ліку і за кошт заробкаў за мяжой.

Напрыклад, насельніцтва ўсходніх абласцей занятае нелегальным гандлем у Расіі таннымі беларускімі таварамі. Захад Беларусі зарабляе перапраўкай праз мяжу Еўразвязу падакцызных паліва, цыгарэт і алкаголю. Так афіцыйныя звесткі аб 0,6 % беспрацоўных прыходзяць у супярэчнасць са статыстыкай неафіцыйнай, што выдае непрыемныя для ўладаў звесткі аб разгоне ўдзелу фізічных асоб у ценевай эканоміцы.

Ценевая аўтаномія

Прычынай «сыходу ў цень» большасці беларусаў стала эканамічная сістэма, якая не дазваляе годна зарабляць. Не разлічваючы на абяцаны дзяржавай сярэдні заробак у 500 даляраў, грамадзяне наважыліся на нелегальную працу, якая прыносіць незаконны, але затое і не абцяжараны падаткамі прыбытак.

Былыя інжынеры, настаўнікі, лекары і вайскоўцы перакваліфікаваліся ў валютчыкаў, рэпетытараў, будаўнікоў, таксістаў-чорнасцяжнікаў, нелегальных перавознікаў паліва і цыгарэт у Польшчу, Літву і Латвію, у вытворцаў пірацкай відэа-і софт прадукцыі, у аўтадылераў і інтэрнэт-прадаўцоў. Незарэгістраваны бізнэс у Беларусі набыў пагрозлівыя памеры. Для дзяржавы гэта азначае страту прафесіяналаў у розных сферах эканомікі і адчувальны брак падатковых паступленняў. Бо лік «ухілістаў» ад падаткаў з году ў год павялічваецца.

Рэальную небяспеку гэтай з'явы ўлады адчулі не так даўно, калі ўзрастальная плойма заможных беспрацоўных паспрабавала прадэманстраваць сваю незалежнасць. У 2011 годзе сотні нелегальных перавознікаў аўтамабільнага паліва забарыкадавалі беларуска-польскую мяжу ў адказ на забарону выезду з Беларусі больш за адзін раз у пяць дзён. Пратэстоўцаў абурылі не столькі забаронныя захады, колькі тое, што ўмовы для развіцця малога бізнэсу паляпшаюцца толькі на паперы, а не ў рэальным жыцці.

Момант праўды

Дзяржава была шмат гадоў заклапочаная гадоўляй асобнага пласта палітычна неактыўных грамадзян, і ў абмен на лаяльнасць заплюшчвала вочы на іхнія «левыя» заробкі. У адказ занятыя ў «шэрых» схемах беларусы не асабліва цікавіліся даходамі функцыянераў, шмат хто з якіх таксама дазваляе сабе выдаткі звыш заробкаў.

Перыядычныя рэйды ў пошуках няплатнікаў падаткаў сталі ў Беларусі хутчэй кампаніямі для справаздачы, чым мэтанакіраванай працай для аздараўлення эканомікі. Акрамя таго, ценевыя даходы насельніцтва здымаюць сацыяльную напружанасць у грамадстве і дазваляюць чыноўнікам заяўляць аб асаблівай беларускай эканамічнай мадэлі.

Ад гэтага праблем у эканоміцы менш не становіцца, і колькасць атрымальнікаў нелегальных даходаў не зніжаецца. Бо адным такі спосаб заробку дае магчымасць адпачываць за мяжой і навучаць дзяцей у платных ВНУ, іншым - адзінае апірышча для выжывання. Але выводзіць прыватнікаў «з ценю» улады ўважаюць за лепшае звыклымі метадамі застрашвання - робяць больш жорсткім кантроль, а таксама падмяняюць рэформы і эканамічныя стымулы праверачнымі акцыямі. У выніку кожны застанецца пры сваім: дзяржава - без падаткаў, а ценевікі - з даходамі ад рызыкоўнага бізнэсу.

Апошнія навіны