BE RU EN

Зноў перарэгістрацыя прадпрыемстваў

  • 24.01.2013, 20:46

Лукашэнка падпісаў дэкрэт, паводле якога шмат якім прадпрыемствам недзяржаўнай уласнасці давядзецца ўнесці змены ва ўстаноўчыя дакументы.

Гэтым жа дакументам зацверджаныя новыя рэдакцыі парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спынення дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання.

Так, дэкрэтам уводзіцца абмежаванне на выкарыстанне слова «прыватнае» ў назвах (фірмовых назвах) унітарных прадпрыемстваў: яно дапускаецца толькі ў дачыненні да ўнітарных прадпрыемстваў, створаных фізічнымі асобамі, піша АФН.

«Унітарныя прадпрыемствы, маёмасць якіх знаходзіцца ў прыватнай уласнасці юрыдычных асоб і назвы (фірмовыя найменні) якіх утрымліваюць азначэнне формы ўласнасці, абавязаныя пры чарговым карэктаванні статутаў, але не пазней за адзін год з даты ўваходжання дэкрэта ў дзеянне, унесці ў іх адпаведныя змены», - гаворыцца ў афіцыйным каментары.

Дэкрэтам устанаўляецца забарона на стварэнне новых суб'ектаў гаспадарання ўласнікамі маёмасці (заснавальнікамі, удзельнiкамi) камерцыйных арганізацый, у дачыненні да якіх прынятая пастанова аб ліквідацыі, але працэс ліквідацыі не скончаны. Замацоўваецца таксама максімальны тэрмін знаходжання суб'екта гаспадарання ў працэсе ліквідацыі - дзевяць месяцаў з дня прыняцця пастановы аб ліквідацыі з правам яго падаўжэння да 12 месяцаў.

Пры гэтым прадугледжваецца прыцягненне старшыні ліквідацыйнай камісіі (ліквідатара), уласніка маёмасці (заснавальнiкаў, удзельнiкаў) да адказнасці за парушэнні патрабаванняў заканадаўства, у выніку якіх юрыдычная асоба была ліквідаваная без ужывання працэдуры банкруцтва.

Адначасова абмяжоўваецца кола асоб, якія маюць права ўзначаліць ліквідацыйную камісію (з'яўляцца ліквідатарам) пры наяўнасці ў ліквідаванага суб'екта гаспадарання запазычанасці перад крэдыторамі. Так, старшынямі ліквідацыйнай камісіі (ліквідатарамі) не могуць быць прызначаныя ўласнікі маёмасці (заснавальнікі, удзельнікі), кіраўнік юрыдычнай асобы.

Разам з тым дакументам прадугледжваецца магчымасць фармавання статутнага фонду камерцыйнымі арганізацыямі цягам года з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі або калі меншы тэрмін фармавання статутнага фонду не вызначаны статутам.

Дэкрэт № 2 увойдзе ў дзеянне праз 3 месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.

Апошнія навіны