BE RU EN

Працаўніцам «Дываноў Брэста» помсцяць за стыхійны мітынг

  • 22.01.2013, 9:34

Адміністрацыя ўчыніла сапраўднае цкаванне працаўніцам, якія распавялі Сямашку аб праблемах прадпрыемства і аб сваіх заробках.

Пасля візіту віцэ-прэм'ера і кіраўніка «Беллегпрама» сітуацыя на фабрыцы не змянілася ў лепшы бок, піша «Салiдарнасць».

За апошнія два тыдні працаўнікі аздобнага цэха «Дываноў Брэста» выходзілі на працу толькі два дні - 15 і 16 студзеня, распавяла кантралёр гатовай прадукцыі аздобнага цэха Ніна Дакала.

На днях жанчыну выклікаў «на дыван» намеснік дырэктара прадпрыемства Мікалай Бойка.

- Ён мне сказаў, што ў той дзень, калі Сямашка прыязджаў, я парушыла ўнутраны распарадак і тэхніку бяспекі. Я адказала, што нічога не парушала, выконваю сваю працу добрасумленна. Кажу: трэба было раней кулакамі махаць, а не цяпер, калі ўся вытворчасць стаіць...

Я цяпер працую. На мне чатыры пары насок, тры швэдры, камізэлька і ватоўка, якую нам даў Матачкін (ранейшы дырэктар «Дываноў Брэста»), шапка, шалік і пальчаткі. Я б зразумела, калі б быў 41-45-ы год мінулага стагоддзя, калі б людзі працавалі на абаронным прадпрыемстве...

Са слоў Ніны Дакала, яна выходзіць на працу кожны дзень, але адносіны да яе змяніліся.

- Людзі сказалі, што адміністрацыя забараніла да мяне падыходзіць. Мне самой забараняюць мець зносіны з ткачамі, хоць як кантралёр я маю права гэта рабіць. А можа, брак ідзе? Я пытаюся ў Бойка: «У нас што, 37-ы год? Я зняволеная? Чаму са мной нельга размаўляць?». Цяпер на дывановым народ абмяркоўвае чутку, што ў мяне непарадак з галавой. Ведаеце, адкуль ногі растуць? Калі я паказала разліковы кіраўніку «Беллегпрама» і спытала, ці можна выжыць на 472 тысячы ў месяц з дзіцем, ён выслухаў, пайшоў у цэх і распавёў дырэктару пра гэта. Дык вось, калегі чулі, як наша начальства сказала: «Вы яе не слухайце, яна толькі тыдзень таму з псіхушкі выйшла!».

У Ніны дрыжыць голас: «Які ў мяне непарадак з галавой - спытала я ў Бойка. Вы мяне спачатку накарміце, кажу яму. Ад голаду псуюцца і характар, і страўнік».

Як аказалася, «вар'яткай» Ніну Дакала пачалі рабіць яшчэ некалькі месяцаў таму, калі жанчына напісала пра праблемы рабочых у адміністрацыю Лукашэнкі, «Беллегпрам», Савет міністраў і Камітэт дзяржкантролю.

- Я нічога не прасіла, акрамя таго, што толькі дайце нам работу! - дзеліцца Ніна. - Я працавала ў цэху, матала бабіны, да мяне падышоў начальнік і сказаў: «Ты на гэтай машыне не будзеш працаваць». Чаму, пытаюся. Адказвае: «Можа, руку ўсунеш туды ці нагу. Ты неадэкватная!». Прыбіральшчыцай мяне паставілі. Узяла я шчотку, іду прыбіраць. Дзень праходзіць, кажуць: «Ты з абавязкам прыбіральніцы ня спраўляешся». Што я загэтай шчоткай выслухала: і ты ненармальная, і пустабрэх. Я зубы сціснула і пайшла месці, таму што ў мяне дзіця шаснаццаці гадоў, якога трэба апрануць, абуць і накарміць.

Ніна прызнаецца, што выжывае, дзякуючы дапамозе мамы, якая жыве ва Украіне.

- Ёй 83 гады. Яна дае мне грошы: «Вазьмі, дачка, за кватэру заплаціш». Мне сорамна, але я бяру гэтыя грошы.

Па словах жанчыны, у кастрычніку дырэктар ААТ «Дываны Брэста» Леанід Шаўковы сабраў савет, на якім спытаў у працоўнай, чаму яна піша лісты ў вышэйстаячыя інстанцыі.

- Я патлумачыла. Ён адказаў, што напісаў на мяне ў пракуратуру. Калі ласка, пішыце, кажу, вы парушылі Канстытуцыю, яна павінна быць у вас настольнай кнігай. Вы парушылі статут прадпрыемства. Бо па статуту, наймальнік павінен выконваць волю нашу - акцыянераў.

Ніне Дакала да пенсіі засталося чатыры гады. 32 гады яна адпрацавала на «Дыванах Брэста».

Пакуль з працаўніцы фабрыкі, якая спрабуе дастукацца са сваёй бядой ва ўсе дзверы, робяць вар'ятку, у мясцовай раённай газеце «Брестский вестник» выйшаў матэрыял пад загалоўкам «Дываны Брэста»: святло ў канцы тунэля». Аўтар Валерый Дзяркач спачувае «пісакам», якія злараднічаюць над кожнай няўдачай і так глыбока забіліся ў цемру, што даўно не бачаць святла ў канцы тунэлю».

Цытуючы словы іншай працаўніцы прадпрыемства Галіны Марчук аб зарплаце ў 300 тысяч і занятасці - некалькі дзён у месяц, аўтар разважае, што «ў вольным грамадстве рынкавых адносінаў з Галінай бы наогул ніхто не размаўляў - проста б звольнілі...». Аўтар піша пра планы дырэктара Леаніда Шаўковага: «камбінату трэба аднавіць прадзільную фабрыку і наладзіць вытворчасць уласнай пражы» і жадае яму поспехаў і шанцавання. «Увесь час спекуляваць на гэтай тэме, падаючы яе ў абгортцы «апакаліпсісу», няправільна, калі не подла», - падсумоўвае журналіст дзяржаўнай газеты.

Нагадаем, у пачатку студзеня на фабрыку «Дываны Брэста» прыязджалі віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка і старшыня канцэрна «Беллегпрам» Міхаіл Сучкоў. Работніцы прарваліся да высокапастаўленых чыноўнікаў і падзяліліся набалелым: з красавіка мінулага года яны працуюць некалькі дзён у месяц і вымушаныя існаваць на 300 тысяч рублёў.

Віцэ-прэм'ер, размаўляючы з рабочымі, біў кулаком у стол і крычаў, пасля чаго даў дырэктару прадпрыемства Леаніду Шаўковаму тры месяцы на тое, каб выканаць абяцанне: зарплата ў ткачоў павінна дасягнуць 3,5 мільёна рублёў.

Апошнія навіны