BE RU EN

Еўрадэпутат патрабуе расследаваць смерць Юрыя Гуменюка

  • 21.01.2013, 13:43

Марэк Мігальскі заклікаў Еўрапейскую камісію даследаваць прычыны смерці гродзенскага журналіста.

Таксама польскі еўрадэпутат запатрабаваў прыняць адпаведныя меры па недапушчальнасці прадаўжэння рэпрэсій у дачыненні да незалежных журналістаў у Беларусі, перадае «Радыё Рацыя».

«Трэба паведамляць камісіі і радзе пра тое, што адбываецца за нашай усходняй мяжой. Пра сітуацыю са сродкамі масавай інфармацыі, журналістамі і звычайнымі беларусамі. Вядома, гэтая смерць трагічная, але яна таксама з'яўляецца дзіўнай. У дадзеным выпадку Еўракамісія не можа лічыць, што тут няма чаго рабіць», - сказаў Марэк Мігальскі.

Гэта не першы выпадак трагічнай смерці журналіста ў Беларусі, адзначае ён у сваім запыце ў Еўрапейскую камісію, нагадваючы, што пры нявысветленых абставінах раней загінуў заснавальнік сайта charter97.org Алег Бябенін і журналістка Вераніка Чаркасава.

Нагадаем, Юрый Гумянюк, супрацоўнік Польскага радыё, трагічна загінуў у Гродне 19 студзеня. Паводле папярэдняй інфармацыі, журналіст зваліўся з 9-га паверху і разбіўся. Родныя не вераць у версію самагубства.

Апошнія навіны