BE RU EN

У Алжыры скончылася спецаперацыя супраць ісламістаў

  • 19.01.2013, 18:53

Байцы алжырскага спецназа ажыццявілі штурм захопленага ісламістамі газавага радовішча, дзе тыя ўтрымлівалі ў закладніках замежнікаў.

СМІ Алжыра ды іншых краін паведамляюць са слоў прадстаўнікоў вайсковага камандавання, што падчас штурму загінулі 11 баевікоў, паведамляе ВВС.

Сем закладнікаў - усе замежнікі - былі пакараныя смерцю баявікамі як толькі войскі перайшлі да актыўных дзеянняў.

Грамадзянства забітых пакуль не ўдакладняецца. Улады Румыніі заявілі агенцтву Франс-прэс, што, магчыма, сярод пакараных ёсць грамадзянін іх краіны.

Вядома таксама, што ў руках баявікоў знаходзіліся шасцёра грамадзян Нарвегіі. Пра гэта ў суботу паведаміў кіраўнік нарвежскага нафтавага канцэрна Statoil Хелге Лунд.

Паводле звестак алжырскіх уладаў, раней вайскоўцамі былі выратаваныя 573 закладнікі-алжырцы і 100 з 132 замежнікаў.

Па-ранейшаму застаецца невядомым лёс 30 замежнікаў, уключна дзесяцёх брытанцаў.

Паводле паведамленняў дзяржаўнага алжырскага інфармацыйнага агенцтва АПС, з пачатку аперацыі ў вызваленні закладнікаў у мінулы чацвер загінулі 12 алжырскіх і замежных рабочых.

Такім чынам, усяго на гэты момант вядома пра гібель 19 закладнікаў.

Апошнія навіны