BE RU EN

Міліцыянты атрымаюць прыбаўку да зарплаты

  • 17.01.2013, 16:47

За кошт скарачэння калегаў.

17 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Магілёве начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Фёдар Балейка заявіў, што меркаванае скарачэнне колькасці міліцыянтаў на 25-30% - адзіная магчымасць павялічыць зарплату супрацоўнікам МУС, паведамляе БелаПАН.

«Скарачэнне, вядома, закране і нас. Будзе аптымізацыя колькасці складу органаў унутраных спраў. Вы самі бачыце - злачыннасць скарачаецца. Але і іншых магчымасцяў павелічэння заработнай платы сёння няма, акрамя як за кошт уласнага скарачэння», - лічыць начальнік абласной міліцыі.

Балейка паведаміў, што ў цяперашні час ужо практычна ў два разы скарочаныя ўзводы па ахове тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання.

Ён нагадаў, што ў верасні 2012 года была праведзеная нарада пры прэзідэнце па рэфармаванні сістэмы органаў унутраных спраў. Пастаўленая задача адысці ад выканання міліцыяй неўласцівых ёй функцый.

«А неўласцівых функцый у нас шмат - і абавязаных асоб мы дастаўляем на працу, хоць гэтым павінен кіраўнік прадпрыемства займацца, а не работнік міліцыі вадзіць абавязаную асобу на працу. Ёсць служба судовых выканаўцаў, але сёння міліцыя дастаўляе ў суд асоб, якія ўхіляюцца ад яўкі туды па розных прычынах. Затым перавозка трупаў. Там, дзе труп крымінальны, аператыўная група выязджае, мы чапляем катафалк і адвозім труп у медыцынскую ўстанову, а калі чалавек памірае натуральнай смерцю, то гэта не наша функцыя труп вывозіць», - сказаў кіраўнік міліцыі Магілёўскай вобласці.

Пры гэтым ён адзначыў, што выкананне міліцыяй неўласцівых функцый перашкаджае яе супрацоўнікам выконваць задачы, прадугледжаныя законам аб органах унутраных спраў.

Апошнія навіны