Малым прымежным рухам скарысталіся 8100 латвійцаў і 100 беларусаў
- 16.01.2013, 20:47
За 10 месяцаў 2012 беларуска-латвійскую мяжу ў спрошчаным парадку перасеклі больш за 8100 латвійцаў і прыблізна 100 беларусаў.
У сярэднім кожны латвіец дзевяць разоў уязджаў у Беларусь, беларусы ж выкарыстоўвалі права спрошчанага ўезду нашмат радзей, паведаміў БелаПАН памочнік начальніка Полацкага памежнага аддзела Дзяніс Глебка.
Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый увайшло ў дзеянне 1 лютага 2012 года. У канцы лютага консульствам Латвіі ў Віцебску былі выдадзеныя першыя дазволы на мясцовае памежнае перасоўванне.
У прымежную тэрыторыю Беларусі ўключаны сельсаветы трох раёнаў - Верхнядзвінскага, Мёрскага і Браслаўскага (Віцебская вобласць), а таксама гарады Верхнядзвінск, Мёры, Браслаў і мястэчка Відзы. З боку Латвіі гэта гарады Даўгаўпілс, Дагда, Краслава і Зілупэ, а таксама шэраг прымежных валасцей Аглонскага, Дагдскага, Даўгаўпілскага, Зілупскага, Краслаўскага, Лудзенскага, Рэзэкнэнскага ды Ілуксценскага краёў.