BE RU EN

У Маскве забілі злодзея ў законе Дзеда Хасана

  • 16.01.2013, 18:22

16 студзеня ў Маскве ля ўваходу ў рэстаран «Стары фаэтон» быў учынены замах на 75-гадовага злодзея ў законе Аслана Усаяна, больш вядомага ў крымінальных колах пад мянушкай Дзед Хасан.

Як паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на маскоўскую паліцыю, крымінальны аўтарытэт быў паранены кілерам у галаву і памёр у рэанімацыі. Паводле папярэдніх звестак, у выніку страляніны па Усаяну таксама была параненая выпадковая падарожная. Злачынца, які страляў у аднаго з самых уплывовых крымінальных аўтарытэтаў постсавецкай прасторы, уцёк з месца здарэння.

Аслан Усаян нарадзіўся 24 лютага 1937 г. у Тбілісі. Нацыянальнасцю - курд-езід. Першы прысуд пачуў у 19 гадоў за супраціў супрацоўнікам міліцыі. У 1959 годзе атрымаў 5 гадоў за рабаванне, але выйшаў праз УДВ, у 1966 годзе атрымаў тэрмін за спекуляцыю. Менавіта падчас гэтага знаходжання ў зняволенні ён і быў «каранаваны». Адседка скончылася таксама УДВ. У 1994 годзе Усаян асталяваўся ў Пецярбургу, куды яго нібыта запрасіў мясцовы аўтарытэт Канстанцін Якаўлеў, вядомы як Косця Магіла. Ладзілі замахі на яго неаднаразова, першы вядомы выпадак - 1998 год у Сочы, аднак тады кілер спудлаваў, другі замах здарыўся ў 2010 годзе - увечары 16 верасня ў цэнтры Масквы, у двары аднаго з дамоў на Цвярской. Пасля замахаў Усаян узмацніў ахову, увесь час мяняў аўтамабілі падчас перасоўванняў, набраў на працу выхадцаў з праваахоўных органаў.

Расейскія СМІ адзначаюць, што звычайна Дзед Хасан перасоўваўся па сталіцы на трох пазадарожных Cadillac Escalade, у якіх знаходзілася больш за 10 ахоўнікаў - былых супрацоўнікаў спецслужбаў. Аднак у дзень замаху Усаян чамусьці распусціў сваю ахову, пакінуўшы толькі аднаго целаахоўніка і кіроўцу.

Як пішуць «Беларускія навіны», клан Дзеда Хасана за апошняе дзесяцігоддзе ўвайшоў у канфлікт практычна з усімі найбольш уплывовымі групоўкамі постсавецкай прасторы. Усаян парушыў мараторый на «каранаванне» новых злодзеяў у законе і за мінулыя два гады павялічыў колькасць сваіх прыхільнікаў на тры дзясяткі «законнікаў». Напрыклад, у траўні 2011 года Дзед Хасан «каранаваў» адразу пецярых аўтарытэтаў, у ліку якіх быў і беларус Аляксандр Кушнэр, ён жа Саша Кушнэр, якога «патрыярх» абавязаў прыглядваць за Беларуссю.

У адказ апаненты Хасана наладзілі ў снежні мінулага года ў ААЭ вялікую сходку і правялі «каранацыю» адразу 16 злодзеяў у законе, сярод якіх - чацвёра беларусаў. Характэрна, што на гэты сход атрымалі запрашэнні і людзі Усаяна. Але яны сустрэчу праігнаравалі. Магчыма, у цёплых краях разглядалася не толькі кадравае зладзейскае пытанне.

Паводле звестак інтэрнэт-газеты Naviny.by, на сходцы ў Эміратах супраць клана Дзеда Хасана аб'ядналіся адразу тры злачынныя групоўкі, якіх прадстаўлялі больш за 60 злодзеяў у законе. Не выключана, што аўтарытэты думалі і пра тое, што рабіць з Дзедам Хасанам ...

Як адзначаюць расейскія аналітыкі, супрацьстаянне не магло цягнуцца доўга, чымсьці яно павінна было скончыцца. Смерць Усаяна можа стаць пачаткам новай зладзейскай вайны.

Апошнія навіны