BE RU EN

Сямашка: Расея тармозіць стварэнне холдынгу «БелРасАўта»

  • 15.01.2013, 15:50

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі абвінаваціў расейскі бок у парушэнні прынцыпу роўнасці партнёраў.

Стварэнне холдынгу «БелРасаўта» на базе беларускага ААТ «Менскі аўтамабільны завод» і расейскага ААТ «КАМАЗ» тармозіць пазіцыя расейскага боку, якая парушае прынцып роўнасці партнёраў, заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі, піша «Інтэрфакс».

«Стварэнне гэтага альянсу ўскладняецца на дадзены момант па двух фактарах», - сказаў Сямашка.

Ён нагадаў, што раней кампанія Ernst&Yang выканала ацэнку кошту актываў двух прадпрыемстваў, ацаніўшы актывы МАЗа ў $1 млрд 82 млн, КАМАЗа - у $1 млрд 620 млн. Зыходзячы з гэтых сум, беларускі бок павінен унесці ў холдынг 57% акцый мінус адна акцыя, пры гэтым 49% акцый павінны складаць каштоўныя паперы непасрэдна Менскага аўтазавода.

«Цяпер Расея парушае гэты парытэт, выходзіць за межы пазначаных $1,6 млрд», - сказаў Сямашка.

Ён дадаў, што паўсталі супярэчнасці і ў прынцыпах стварэння і працы назіральнага савета. У прыватнасці, па прапанове расейскага боку, у склад назіральнага савета ад Беларусі і РФ павінны ўвайсці па 4 чалавека. Пры гэтым кіраўніком назіральнага савета павінен стаць прадстаўнік расейскай кампаніі, яму ў галасаванні будуць належаць два галасы. «Атрымліваецца, што назіральны савет будзе сфармаваны па прынцыпе 5 супраць чатырох. Мы таксама гаворым пра неабходнасць ратацыі кіраўніка назіральнага савета, у нас ёсць вялікі вопыт у гэтым плане», - сказаў Сямашка, нагадаўшы аб тым, па якім прынцыпе сфарміраваныя і працуюць назіральныя саветы ААТ «Белтрансгаз» і ЗАТ «Беларуская калійная кампанія».

У сваю чаргу, Лукашэнка падкрэсліў, што холдынг «Расбелаўта» ствараецца менавіта як кіруючая кампанія. «МАЗ-КАМАЗ» - гэта, перш за ўсё, кіруючая кампанія, і я настойваю, каб ніякага руху па ўласнасці там не было. Трэба вам, расейцам, каб была перадача акцый - калі ласка, няхай яна будзе, але да ўласнасці нам пакуль далёка», - сказаў кіраўнік.

Далей Сямашка праінфармаваў, што перамовы па аб'яднанні «Гомсельмаша» і «Ростсельмаша» знаходзяцца ў «зачаткавым стане». «Мы гатовыя да гэтага аб'яднання, і расейскі бок разумее, што «Гомсельмаш» аб'ектыўна мацней тэхнічна, і таму цэнтр павінен быць у Гомелі», - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Ён адзначыў, што «Ростсельмаш», у той жа час, з'яўляецца прыватнай структурай, і таму «расейскі ўрад не можа ім даць каманду: сядайце за стол перамоваў».

Сямашка паведаміў, што створаная двухбаковая рабочая група, якая павінна падрыхтаваць прапановы па стварэнні альянсу на базе гэтых двух прадпрыемстваў сельскагаспадарчага машынабудавання.

Апошнія навіны