BE RU EN

Каля Вечнага агню на плошчы Перамогі загарэўся бомж

  • 15.01.2013, 13:02

На незвычайны пажар давялося сёння, 15 студзеня, раніцай выязджаць супрацоўнікам сталічнага МНС.

Каля Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Менску загарэўся... бомж. Аб здарэнні на спецлінію 101 паведамілі відавочцы. На шчасце для валацугі, няўдала заснулага каля Вечнага агню, яны ж і паспелі яго патушыць яшчэ да прыбыцця выратавальнікаў. Пацярпелы выжыў.

- 15 студзеня ў 8.29 у цэнтр аператыўнага кіравання ад мінакоў паступіла паведамленне аб загаранні адзення на чалавеку каля помніка на плошчы Перамогі, - распавёў парталу TUT.BY памочнік начальніка Менскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі. - Па прыбыцці на месца ў 8.32 супрацоўнікаў аддзялення ПАВЧ-4 па знешніх прыкметах нічога ўжо не назіралася. У ходзе разбору было ўстаноўлена, што на плошчы Перамогі каля помніка-абеліска воінам Савецкай Арміі і партызанам адбылося загаранне адзення (куртка і штаны) на мужчыне 1963 года нараджэння, па папярэдняй інфармацыі - без пэўнага месца жыхарства. Медыкамі брыгады хуткай дапамогі ён быў шпіталізаваны ў БХМД з дыягназам «апёкі твару, шыі, тулава, ніжніх і верхніх канечнасцяў 1-3-й ступеняў (30% цела)». Меркаваная прычына здарэння - асабістая неасцярожнасць пацярпелага, які занадта блізка падышоў да адкрытага агню, а дакладная карціна будзе ўстаноўленая ў ходзе расследавання.

Варта заўважыць, што асобы без пэўнага месца жыхарства ўжо неаднаразова былі заўважаныя ў зімовы перыяд, калі яны грэліся, каля Вечнага агню на плошчы Перамогі. Менчукі нават часам паспявалі іх сфатаграфаваць.

Апошнія навіны